Ёй часта сніцца родны край
Багаты на славутых людзей чароўны Нарачанскі край. Дастаткова прыгадаць выдатнага паэта Максіма Танка, паэтаў Мар’яна Дуксу і Яўгена Шабана, мастака Васіля Шаранговіча, артыстаў Паўліну Мядзёлку, Марыю Захарэвіч… На Мядзельскай зямлі радавыя карані і выдатнага савецкага кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча.
Да кагорты ўраджэнцаў Мядзельшчыны, якімі могуць ганарыцца землякі, можна аднесці і Тамару Іванаўну Кашчэва. Гэта таленавітая жанчына заявіла пра сябе на музычным небасхіле: хораша іграе, спявае. А яшчэ яна вядомая як кампазітар: адразу пісала музыку да вершаў і вядомых, і самадзейных паэтаў, а апошнім часам ёсць у яе і ўласныя песні.
Нядаўна ў чытальнай зале раённай бібліятэкі г. Дзяржынска адбылася творчая вечарына кампазітара і спявачкі Тамары Кашчэва, прысвечаная выхаду ў свет двух новых песенных зборнікаў: “Ты ў сэрцы маім, Беларусь”, “Полёт вдохновения”. У зале сабраліся паэты, аматары песні, сябры і блізкія віноўніцы ўрачыстасці. Спачатку Тамара Іванаўна распавяла пра сваё дзяцінства, юнацкія гады, пра творчую дзейнасць. А нарадзілася яна ў прыгожым куточку Беларусі — на Мядзельшчыне, у вёсцы Выгалавічы. Магчыма, цудоўная прырода Нарачанскага краю, а таксама захапленне музыкай і песнямі яе бацькоў — Івана і Яўгеніі Карабейнікаў спрыялі таму, што ў дзяўчынкі з малых гадоў праявілася цікавасць да музыкі і беларускіх песень. У Выгалавіцкай школе яна была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. За два гады засвоіла чатырохгадовы курс Мядзельскай музычнай школы па класу баяна. Падчас вучобы ў Маладзечанскім музычным вучылішчы яе захапленне музыкай атрымала новы імпульс. Пасля заканчэння гэтай установы Тамара атрымала накіраванне на працу ў Мядзельскую дзіцячую музычную школу выкладчыкам сальфеджыа. У райцэнтры яна стала актыўнай удзельніцай вакальна-інструментальнага ансамбля “Раніца”, які выступаў у розных куточках сінявокага азёрнага краю. На роднай Мядзельшчыне дзяўчына і каханне сваё сустрэла, і сям’ю стварыла. Там жа ў яе нарадзіўся першынец — сын Валерый.
Затым лёс прывёў сям’ю Кашчэва ў г. Фаніпаль, што на Дзяржыншчыне, дзе ў іх на свет з’явіліся яшчэ дачка Таццяна і сын Павел. У гэтым горадзе адкрылася новая старонка жыцця Тамары Іванаўны. Амаль 33 гады яна адпрацавала музычным кіраўніком у Фаніпальскім дзіцячым садку. Тут, пры Доме культуры, з яе дапамогай быў створаны ансамбль “Медуніца”, які з поспехам выступаў у Баранавічах, Маладзечне і іншых гарадах Беларусі. У 2012 годзе Тамары Кашчэва было прысвоена званне “Жанчына года Дзяржыншчыны”, а сёлета яна атрымала яшчэ адно пачэснае званне: “Ганаровы грамадзянін горада Фаніпаль”. У 2013 годзе ў складзе квартэта ўдзельнічала ў творчым праекце СТВ “Поющие города” і стала фіналісткай. Тамара Іванаўна — член грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз музычных дзеячаў”, Народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца”, Народнага клуба аматараў паэзіі “Натхненне”, які працуе пры Рэспубліканскім Палацы культуры ветэранаў, літаратурнага клуба “Выток” пры Дзяржынскай раённай бібліятэцы. Песні Тамара Кашчэва пачала пісаць з 1990 года. У 2002 годзе ў свет выйшаў яе першы кампактдыск “Не шкадуйце сэрца”, у 2008 — зборнік песень з аналагічнай назвай, у 2012 — другі кампактдыск
“І льецца музыка душы”. Менавіта песня дапамагала Тамары Іванаўне пераадольваць жыццёвыя выпрабаванні, якія выпалі на яе лёс.
На творчай вечарыне спявачка выканала песні на словы Уладзіміра Карызны “Вербы маленства”, на словы Анатоля Зэкава “Мая бусліная Радзіма”.
Праспявала яна таксама песні, напісаныя на словы паэтэс, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Рэгіны Рэўтовіч і Людмілы Круглік, якія былі ў той лістападаўскі дзень у зале. Апошнім часам кампазітар піша музыку і на свае вершы. Вельмі спадабалася прысутным песня “Давайте споём”. Нездарма прыпеў яе дружна падхапілі ўдзельнікі мерапрыемства. На ўрачыстасці горача віталі Кашчэва прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама, грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, былыя калегі з дзіцячай дашкольнай установы, дзе працавала, старшыні раённай арганізацыі ветэранаў і савета ветэранаў г. Фаніпаль, члены літаратурнага клуба “Выток”, а таксама сябры з клуба аматараў паэзіі “Натхненне”, паэткі Вольга Сакалова, Людміла Бурдыка і Наталля Сантаровіч. А паэтка Вера Буланда прачытала верш, прысвечаны Тамары. Дарэчы, творчы тандэм БуландаКашчэва зарэкамендаваў сябе нядрэнна, і пацвярджэнне таму песня “Сняжыначкі кружыліся”, якую праспявала спявачка. Цудоўным музычным падарункам стала для яе песня ў выкананні мужа і жонкі Марыны і Віктара Хадасевічаў. А малдаванін Васіль Семянюк, які піша вершы і гумарэскі на беларускай мове, павіншаваў Тамару Іванаўну на беларускай і малдаўскай мовах. Таленавітай жанчыне было падаравана шмат кветак. На працягу трох гадзін доўжылася вечарына. Падчас яе гучалі песні, віншаванні, чуўся смех. Жадаючыя маглі набыць зборнікі песень Тамары Кашчэва з яе аўтографам.
У гутарцы са мной Тамара Іванаўна прызналася, што хоць Дзяржыншчына і стала другой малой радзімай, але ёй часта сніцца родны Нарачанскі край, вёска Выгалавічы, дзе зрабіла свае першыя крокі па зямлі. Нездарма беларуская прыказка сцвярджае: дарагі той куток, дзе абрэзалі пупок.
Напрыканцы вечарыны дырэктар Дзяржынскай раённай бібліятэкі Валянціна Клімовіч падзякавала ўсім прысутным і асабіста Тамары Кашчэва за ўдзел угэтай культурнай дзеі. Дарэчы, Тамара Іванаўна ў хуткім часе збіраецца наведаць сваю малую радзіму, па якой вельмі сумуе.

Л. ЦЕЛЕШ
г. Дзяржынск





автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики