ПАДАРУНАК ДЛЯ ВЫГАЛАВIЧ
ПАДАРУНАК ДЛЯ ВЫГАЛАВIЧ


У Год малой радзімы ў мяне з’явілася вялікае жаданне зрабіць творчы падарунак землякам з вёскі Выгалавічы. Выступіць перад імі з канцэртам, падзяліцца сваёй песеннай творчасцю, узняць настрой.

Па волі лёсу ў 1977 годзе мне давялося змяніць месца жыхарства. З таго часу ў родным населеным пункце не выступала. Добра памятаю, як у школьныя і юнацкія гады, калі наша вёска была вясёлай і ў ёй кіпела жыццё, я прымала ўдзел у мастацкай самадзейнасці: спявала на сцэне яшчэ першага клуба, пабудаванага ў 50-я гады, калі старшынёй калгаса быў мой тата. Цяпер у Выгалавічах працуе толькі сельская бібліятэка-клуб. Яна знаходзіцца ў зусім іншым памяшканні, і ў ім я была ўпершыню.
Арганізаваць канцэрт мне дапамагла загадчыца мясцовай установы культуры Ірына Ракецкая. Яна вусна паведаміла аднавяскоўцам пра мой прыезд, а таксама развесіла ў Выгалавічах і ў Княгініне аб’явы. Датай правядзення мерапрыемства было выбрана 12 ліпеня. Музычную апаратуру даў дырэктар Крывіцкага гарпасялковага Дома культуры Аляксандр Куцько. Дарэчы, ён жа на працягу канцэрта выконваў і ролю гукарэжысёра. І Ірыне Францаўне, і Аляксандру Нарцызавічу я шчыра ўдзячна за неабыякавасць і дапамогу.
Вядома ж, вельмі хвалявалася: ці збяруцца гледачы, ці спадабаюцца ім мае песні? Аднак яшчэ за паўгадзіны да пачатку мерапрыемства сталі збірацца ў бібліятэку-клуб людзі: і маладыя, і пажылыя. Прычым не толькі з Выгалавіч, але і з Княгініна. Прыехалі і з Мядзела мае даўнія знаёмыя — Пётр Мікалаевіч і Таіса Іванаўна Дурэйкі са сваімі ўнукамі.
Калі выйшла на сцэну, нават збянтэжылася ад нечаканасці: поўная зала гледачоў, аншлаг! Няпрошаныя слёзы ад пачуццяў, што перапаўнялі сэрца, пакаціліся па шчацэ. Але хутка справілася з эмоцыямі. Землякі падтрымалі мяне апладысментамі, і загучала музыка… Канцэрт пачаўся з песні “Добры дзень, радзімая старонка!”. Яе я склала да дня сустрэчы з выпускнікамі Выгалавіцкай школы ў 2002 годзе на словы сваёй сястры Людмілы Лабанавай. Потым выканала песню “Мая вёска”, прысвечаную Выгалавічам, на словы Святланы Рыжковай. Яе напісала ў 2014 годзе, і ўжо тады мне вельмі захацелася выступіць з ёй на сваёй малой радзіме. Песня прысутным спадабалася — сустрэлі яе гучнымі апладысментамі. Наступны твор — “Подзвігаў іх не забылі” на словы Галіны Нупрэйчык, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта за гэту песню сёлета на абласным фестывалі ветэранаў “60+” стала пераможцай у намінацыі “Мастацкі вобраз”. Канцэрт доўжыўся дзве гадзіны і складаўся з двух аддзяленняў. Вяла яго сама. А што датычыць твораў, то гучалі розныя: і патрыятычныя, якія праслаўляюць Беларусь, і лірычныя. А завяршыўся першы сольны канцэрт на радзіме вясёлай песняй на словы Ірыны Карнавухавай ”Улыбайтесь, люди!”. З дапамогай яе вырашыла паслаць прысутным пажаданне часцей усміхацца, дарыць адзін аднаму дабрыню. І зала, стоячы, узнагародзіла мяне бурнымі авацыямі. На заканчэнне мерапрыемства падаравала бібліятэцы-клубу тры свае песенныя зборнікі і чатыры дыскі, каб людзі слухалі і спявалі мае песні. Дарэчы, адзін з іх — “З любоўю да роднага краю” — я прысвяціла Году малой радзімы. У яго ўвайшлі творы на вершы паэтаў Уладзіміра Карызны, Анатоля Зэкава, Алеся Бадака і некаторых іншых. Ёсць там і песні на мае словы. Сярод іх — “Гімн горада Фаніпаля”, “Міншчына”.
І сёння, аналізуючы паездку ў родныя Выгалавічы, шчыра дзякую землякам за цёплы прыём, за аншлаг, а сваёй пляменніцы Ірыне — за фота- і відэаздымку. Мая душа перапоўнена радасцю, што ўсё атрымалася так, як я хацела, што пайшоў добры водгук пра канцэрт, што мае песні выклікалі светлыя пачуцці і станоўчыя эмоцыі. Вельмі кранула, што многія людзі нават плакалі ў ходзе канцэртнай праграмы.
Падчас наведвання сваёй малой радзімы змагла таксама сустрэцца з аднакласнікамі. Асаблівую радасць прынесла спатканне з вельмі добрымі сябрамі маіх бацькоў і ўвогуле нашай сям’і — Ганнай Фёдараўнай і Аленай Фёдараўнай Ракецкімі. І хоць яны ўжо ў сталым узросце, але, як і раней, такія ж добрыя, культурныя, інтэлігентныя. Вельмі хачу праз раённую газету пажадаць гэтым цудоўным жанчынам моцнага здароўя і доўгіх год жыцця.
Акрамя таго, пабывала на могілках, дзе пахаваны мае дарагія і любімыя бацькі. Гэта ім мы з сястрой бязмежна ўдзячны за любоў і шчырасць, за тое, што навучылі нас паважаць людзей. Прайшлася па вуліцы, дзе некалі жыла, па сцежках, якія напомнілі пра шчаслівае дзяцінства і юнацтва, пра першае каханне. Наведалася і ў нашу былую хату… Карацей кажучы, надыхалася паветрам сваёй малой радзімы і атрымала зарад энергіі на шмат гадоў наперад. Поўная незабыўных уражанняў, вярнулася дадому. І сёння, хоць прайшоў час, да драбніц узгадваецца тая незабыўная сустрэча.
Мае шаноўныя землякі! Я вас вельмі люблю і жадаю ўсяго самага найлепшага ў працы і ў жыцці. Ёсць яшчэ і такое пажаданне: каб не знікла вёска — вывучайце яе гісторыю, захоўвайце традыцыі прадзедаў і дзядоў. А яшчэ зберажыце адзіны духоўна-культурны цэнтр сённяшніх Выгалавіч — сельскую бібліятэку-клуб!
І няхай Бог вам у гэтым дапаможа!

Тамара КАШЧЭВА.
Ураджэнка в. Выгалавічы.скачать dle 11.3
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики