ПАМЯЦІ ТАВАРЫША


Аля. Альдона. Альдонія…
Успомніліся радкі з яе верша:
“Я – росинка, я – слезинка, капля я.
С талым снегом уплыву я в океан.
И расстает моё имя, словно звук.
Этим именем другую назовут…”
Не! Не растане, не забудзецца яе пыгожае мілагучнае імя, а застанецца ў памяці блізкіх, сяброў, калег, у памяці тых, хто ведаў гэтую сціплую, чулую жанчыну, руплівую працаўніцу, маці, бабулю, паэтку. Душа яе такая ж прыгожая, як і імя. Светлая душа Альдоніі Наўчанковай жыве ў яе вершах. А іх нямала. Ёсць яны амаль у кожным калектыўным зборніку Мінскага абласнога народнага клуба “Жывіца”, членам якога яна была. Жывуць яе вершы ў клецкіх калектыўных зборніках, у розных перыядычных выданнях Беларусі, у дзвюх асабістых кніжках: “Вянок лёсу”, “Дарогай спавітая доля”. Шмат твораў на рускай і беларускай мовах. Тэматыка розная: родны край, лірыка, філасофскія, духоўныя вершы, гумарыстычныя, для дзяцей.

Мне пашчасціла сустрэць Альдонію Міхайлаўну на жыццёвым шляху даўно. Яна стала свякроўкай маёй дваюроднай сястры, а для мяне стала любай старэйшай сяброўкай, дарадчыцай, калегай. Друкаваліся разам на старонках газеты “Да новых перамог”, у розных зборніках паэзіі, першым з якіх быў клецкі калектыўны зборнік “Верыцца ў лепшае, хочацца марыць”. Ён выйшаў у 1993 годзе. Праз дзесяць гадоў у Клецку выйшаў зборнік вершаў членаў літаратурнага аб’яднання “Голас” “Валошкі ў жыце”. Тут змешчаны цудоўныя творы Альдоніі Міхайлаўны на беларускай мове. З таго часу яна ў асноўным стала пісаць па-беларуску.
Цікавая біяграфія паэткі. Нарадзілася яна ў вёсцы Пільніца Івянецкага (цяпер Стаўбцоўскага) раёна. Пасля школы ў 1960 годзе па камсамольскай пуцёўцы паехала асвойваць цалінныя землі. Працавала на будоўлі элеватара. Пасля лёс закінуў яе ў азёрную Карэлію, дзе скончыла курсы тэхнічнага навучання і працавала ў розных раёнах краю. Не раз расказвала мне пра сваю працу ў лесе, дзе збірала ў кубачак сасновую жывіцу і дзікія звяры хадзілі побач. Часта ўспамінала родную вёску Пільніцу, яе жыхароў, маляўнічую прыроду. Тэма малой радзімы – адна з галоўных у творчасці. У Клецку Альдонія Міхайлаўна жыла з 1980 года. Пісала шмат. Калі прыходзіла натхненне, працавала начамі. Стварала па тры, па пяць вершаў, затым шліфавала іх.

У гэтай жанчыны ніколі не было злосці. Нягледзячы на нялёгкі лёс, яна нязменна была ветлівай з усімі, шчырай, адкрытай, разважлівай, заўсёды гатовай прыйсці на дапамогу.
На роднай Стаўбцоўшчыне прайшлі апошнія гады жыцця паэткі. Я наведала яе, цяжка хворую, у горадзе Івянцы ў сярэдзіне лютага. Хацелася нечым дапамагчы, штосьці параіць, падбадзёрыць яе. Я адчувала, ведала, што мы не сустрэнемся болей… Змрочныя думкі біліся ў скроні ад бяссілля нешта паправіць, змяніць. А падбадзёрыла мяне яна сваім аптымізмам, сваёй унутранай сілай, што адчувалася ў паглядзе вачэй, у спакойным, да болю знаёмым голасе…

Падборка вершаў Альдоніі Наўчанковай рыхтуецца да друку ў новым зборніку “Жывіцы”, выданне якога плануецца ў гэтым годзе.
Перастала біцца сэрца Альдоніі Міхайлаўны, але ў друкаваных радках пульсуюць яе думкі, пачуцці. Немагчыма без слёз чытаць верш-прадказанне
“Апошняя мяжа”
Вось і мяжа апошняя,
За ёю – небыццё.
Яшчэ трава не скошана –
Пражытае жыццё.
З маланкамі і ліўнямі
Прайшлі мае гады.
І з воблакамі сінімі
Я паплыву туды,
Дзе маладосць шчаслівая
Распальвала кастры,
Дзяцінства мітуслівае
Кацілася з гары,
Туды, ў бары сасновыя,
Прыкрытыя імжой.
Туды, дзе сны ружовыя,
Што разгаданы ўжо.
Альдонія Наўчанкова

За апошняй жыццёвай мяжой таленавітай паэткі– не цемень небыцця, а вечная памяць аб светлым чалавеку.

Галіна Нупрэйчык
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики