"Трэба сонечным быць чалавекам..."
"Трэба сонечным быць чалавекам..."


Часам адбываецца дзіўная, але заканамерная і цалкам зразумелая рэч: словы, якія ты пачуў сярод мноства іншых, становяцца знакавымі для ўсяго, што адбывалася на той час. Гэтыя словы — нібы назва падзеі, імя ўласнае для сучаснікаў.

"Трэба сонечным быць чалавекам,
Як ні цяжка, а сонечным — быць.
Ёсць такая патрэба ад веку:
Прабівацца скрозь хмары, свяціць..."

Гэты верш прагучаў сярод іншых на вечарыне, арганізаванай народным клубам кампазітараў і паэтаў "Жывіца" Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці і прысвечанай памяці сучасных паэтаў Міншчыны. Дарэчы, замест слова "сучасных" у гэтым выпадку лепш казаць "сувечных", бо гэтым паэтам лёсам было прызначана адысці з нашага хуткацечнага часу ў вечнасць.

Свечку памяці запалілі ў зале Мінскай абласной бібліятэкі імя Пушкіна — так пачалася сустрэча тых, хто іх ведаў, працаваў побач.

Паэтка з Уздзенскага раёна Наталля Вайцяховіч выкладала матэматыку ў школе, але другім сваім прызваннем лічыла паэзію, гуртавала вакол сябе школьнае літаб'яднанне. Нягледзячы на гады, заставалася вельмі цікаўнай да сучаснага жыцця, у пенсійным узросце асвойвала інтэрнэт, супрацоўнічала з раённай газетай, шмат карыснага рабіла для мясцовай царквы. Гэта яна пакінула для нас у адным са сваіх вершаў дакладную і лаканічную формулу жыцця: "Трэба сонечным быць чалавекам..."

Яўген Кішко з Клецка па ўзросце падыходзіў бы ёй ва ўнукі. Адметным для яго было імкненне спалучаць паэзію з дакументальным і мастацкім фота. Ён захоплена асвойваў журналісцкае майстэрства, з маладым імпэтам цягнуўся да вірлівага жыцця. Ён пайшоў ад нас у сонечным траўні, пакінуўшы пасля сябе такія ж светлыя вершы.

Шмат гаварылі на вечарыне і пра спадчыну паэта Яўгена Прадзядовіча, які родам з Барысаўшчыны...

Свечка памяці ў бібліятэчнай зале адлюстроўвалася ў глянцавых вокладках пакладзеных побач кніг. Паэтычныя зборнікі з вершамі згаданых тут аўтараў сведчылі: тое, што напісана, — засталося.

Застаўся для нас і чарговы зборнік вершаў мінчаніна Аляксандра Лягчылава. Зрэшты, яго творчасць вядомая даўно. Песні на вершы Аляксандра Лягчылава ў свой час выконвалі вядомыя савецкія спевакі ў розных рэспубліках, уключалі іх у свой рэпертуар беларускія выканаўцы. Але галоўнае прызнанне у тым, што іх любяць і спяваюць у народзе. Чаго вартая адна з іх — "Чарка на пасашок"!

Для чытачоў "Звязды" будзе цікава даведацца, што лёс сям'і паэта Аляксандра Лягчылава звязаны з нашай газетай. На сустрэчы прысутнічала яго маці Вольга Паўлаўна, якая перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны працавала ў нашай рэдакцыі. Праз шмат гадоў далучыўся да працы ў "Звяздзе" і сам Аляксандр.

Ёсць рэчы, непадуладныя часу. Гэта датычыцца паэзіі. Ёсць вершы, якія былі напісаны тысячагоддзі таму — яны дайшлі да нас, бо адпавядалі вельмі патрэбнай і зразумелай чалавеку формуле жыцця: трэба сонечным быць чалавекам!

Яўген Пясецкі (паэт, фотакарэспандзент, супрацоўнік газеты "Звязда").
Фота аўтара.
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики