АЖУР “ЖЫВІЦЫ”
Адразу хочацца хочацца пачаць з віншаванняў тым членам народнага клуба “Жывіца”, якія ў гэтым годзе, у тым ліку – літаральна пару дзён таму, уступілі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Менавіта гэтым тлумачыцца прысутнасць на паседжанні намесніка старшыні Мінскага абласнога аддзялення СП Смалянкі Анатоля Уладзіміравіча.
Асабліва ўсцешвае, што дайшлі да ўступлення амаль усе тыя, каго сам рэкамендаваў ледзь не два гады таму, і дакументы на каго былі падрыхтаваны і пададзены групай непасрэдна кіраўніку Мінскага абласнога аддзялення. Гэта Уладзімір Цанунін, Галіна Нупрэйчык, Ірына Карнаухава, Віктар Кажура, Лілія Мялешка.
Уладзімір Рунцэвіч па малаўцямных прычынах быў спынены на ўзроўні разгляду Мінскім абласным аддзяленнем, для якога клуб “Жывіца” з’яўляецца “рэзервовым батальёнам”, і які ўпэўнена пацвярджае ўзровень ацэнкі і падрыхтоўкі паэтаў для ўступлення ў СП. Прайшоў пэўны час, Уладзімір Міхайлавіч павялічыў творчы актыў, ён у выдатнай форме, таму ёсць упэўненасць, што паэт нарэшце атрымае пасведчанне пра тое, што ён паэт.
Па вялікім рахунку – гэта звычайныя жыццёвыя калізіі, уласцівыя свету людзей, якія трэба спакойна ўспрымаць і шукаць прымальныя варыянты іх пераадолення. Тое ж тычыцца і тэрмінаў “кандыдытскага стажу”, які можа быць мінімальным, а можа і цягнуцца гадамі. Гэта рэдка залежыць ад узроўню творчасці, а з’яўляецца звычайным праяўленнем чалавечага фактара і бюракратызму, уласціваму любой арганізацыі. Ніводзін рэкамендант не дае ўмоўную рэкамендацыю з выпрабавальным тэрмінам – падпісваюцца за творцаў, гатовых да ўступлення на момант падачы дакументаў.
Ведаю па сабе: калі атрымліваеш пасведчанне пісьменніка, адразу думаецца: а кім я быў дагэтуль? Само сабой – сам сабой. Што мне гэта дае? Ды нічога… Быццам бы.
Уступленне у СП уяўляе з сябе канстатацыю і падсумоўванне папярэдне зробленага і афіцыйна адобранага. Большасць членаў “Жывіцы” – людзі, якія ведаюць, што жыццё – рэч не ідэальная. Таму не трэба думаць, што прызнанне вашай вагі або заслуг перад літаратурай – правіла без выключэнняў. Тут як і на звычайнай рабоце – можаш усё жыццё прабыць у рэзерве або ўвогуле не быць заўважаным. Адбылося тое, што павінна было адбыцца, – і дзякуй Богу, бо часам не адбываецца – і нічога не зробіш.
Членства ў арганізацыі – гэта і прызнанне ўзроўню, і станоўчы штрых да біяграфіі, якая з’яўляецца часткай твайго роду. Гэта магчымасць рэалізавацца на больш высокім узроўні, пэўная абарона ад недасканалага свету. Гэта новае кола людей, з якімі гаворыш як роўны. Зразумела, і пэўныя абавязкі, аднак і больш шырокія магчымасці быць самім сабой. І яшчэ адзін радок у справаздачы Усявышняму – “Хто ты ёсць у гэтым свеце?”
Таму не трэба засяроджвацца на пытанні “Што мне дае арганізацыя?”, а думаць над пытаннем дыяметральным: “Чым я магу быць карысным для арганізацыі?” Хоць, зразумела, і вашы асабістыя дасягненні – таксама актыў арганізацыі, пра які не толькі варта, а і неабходна паведамляць і кіраўніцтву, і паплечнікам.
Таму хацелася б, каб творцы, прынятыя ў СП, не прыпыняліся ў творчай стоме і не лічылі, што яны сталі вышэйшымі за астатніх. Гэта як у спартыўнай зале, дзе трэніруюцца людзі розных вагавых катэгорый. Трапяткое стаўленне да ўласнай творчасці і дасягненняў не адмяняюць бытавой сціпласці і адэкватнасці паводзінаў у соцыуме. Тым больш – у творчых аб’яднаннях любога кшталту.
Усе вышэйсказанае можна прымяніць не толькі да так званага “афіцыйнага” СП, да якога “Жывіца” значна бліжэй, а і да Саюза беларускіх пісьменнікаў, да “Полоцкой ветви”, міжнародных і інтэрнет-саюзаў. І – да членства ў народным клубе “Жывіца”. Здаецца, гэтае пытанне ў хуткім часе “разруліцца” і на наступным паседжанні на гэту тэму можна будзе гаварыць больш прадметна. Хацелася б адзначыць і напомніць, што членства ў “Жывіцы” адметнае тым, што апроч дасягненняў у прадэклараваных назвай клуба намінацыях (паэты і кампазітары) мае значную вагу і актыўнасць у канцэртнай дзейнасці, у журналістыцы, у крытычных аглядах (у тым ліку на сайце), у рэшце рэшт – у рэгулярным наведванні клуба і актыўным удзеле ў ягоных праектах. Зразумела, гэта не школа, дзе настаўнік будзе ставіць “н/б” і выклікаць бацькоў, ды і абставіны бываюць розныя. Аднак для гэтага і існуе тэлефонная, мабільная і інтэрнет-сувязь.
На гэтым, пэўна, можна скончыць першую частку выступлення і перайсці да двухтомнага зборніка “Праз восеньскі ажур”, якім пачынаецца чарговы год народнага клуба. І рэдактарскі экземпляр каторага пакуль ходзіць па руках, каб да вагі твораў дадаць вагу вашымі подпісамі. І няхай даруюць тыя, пра каго не ўспомню ў прамове. Так атрымліваецца (каторы раз!), што нейкая прахадная планка ў “Жывіцы” існуе, і яе адчуваюць усе аўтары.
Пазначуся, зразумела, толькі штрышкамі, амаль скарагаворкай. Аўтары падрыхтуюцца да прэзентацыі і пакажуць сябе самі. Спадзяюся, не толькі ў бібліятэцы імя Пушкіна, а і на справаздачным канцэрце, рэгіянальных (раённых) паседжаннях, у калектыўных і асабістых выступах.
Адразу б хацелася падзякаваць Ірыне Карнаухавай за збор твораў і іх укладанне: гэта няпростая работа. Тым больш усе аператыўныя пытанні, якія ўзнікаюць пастаянна, а могуць не вырашацца тыднямі, Ірына Аляксандраўна адсочвала. І Марыне Шапавалавай, якая карэктуе нашы зборнікі і шукае тое, што я мог не заўважыць. Няхай Марына не крыўдзіцца: усе яе заўвагі праглядаю двойчы, а то і тройчы, пакуль прыму рашэнне. Звычайна перавагу аддаю аўтару і паэтычным традыцыям, а не фармальнай граматыцы.
Прашу прабачэння ў аўтараў, калі раптам праўка зачапіла нешта сакральнае, – не маю звычкі “вучыць пісаць, як пішу сам”, аднак здольны ўспрымаць верш не толькі з пазіцыі аўтара, а і з пазіцыі чытача, які не чуе каментарыяў, а бачыць толькі тэкст. Усё робіцца ў інтарэсах зборніка, а крытэрыі, як некалі гаварыў, вызначаюцца індывідуальна: да кожнай кнігі, да кожнага аўтара, да кожнага твора. Мэты дзве: тактычная – падвысіць (або не панізіць – пры перасылцы заўсёды ёсць рызыка збояў) узровень аўтарскай падборкі, і стратэгічная – падняць агульны ўзровень зборніка.
Цяпер па аўтарах.
Паэзія Валянціны Акулёнак выверана камертонам душы; Анастасія Бабкевіч – “дзяўчына зямлі беларускай”; Вячаслаў Броска – жыццясцвярджальны паэт з лагоднай хітраватай усмешкай; Настасся Валошка здольная ў кожным вершы быць у асаблівым узнёслым стане, пры якім душа суразмерная Сусвету; Зінаіда Гасціловіч творыць у гармоніі мелодыі і слова; Вольга Герасімовіч, Аня Елецкова, Людміла Журава, Людміла Круглік, Вольга Лабажэвіч, Барыс Макарэвіч, Святлана Рыжкова – паэты з выдатным адчуваннем размаху пачуццяў і формы твора; Анатоль Мазгоў (дарэчы член Беларускага літаратурнага саюза “Полоцкая ветвь”) пазбіваў “усе прыборы” сацыяльным вершам “А хто там ідзе?”; Андрэй Сямёнаў здольны павуціннем вобразаў зацягнуць у атмасферу верша не толькі чытача, а і рэдактара; Анатоль Шкода парадаваў самабытнымі вершамі на беларускай мове (усё ж ён першыя гады жыцця правёў за межамі Беларусі); Мікіта Крыцук ставіць эксперыменты над словам і пазнаннем свету; Тамара Каляда пры інтэнсіўным падыходзе да вершаванага радка (таксама прыём!) заўсёды нязмушана знаходзіць творы, што адпавядаюць рэдактарскім патрабаванням; Мікалай Марын радуе сталай грамадзянскай пазіцыяй, якую, зрэшты, і сам успрымае з доляй гумару.
Прызнаныя прафесіяналы – Святлана Быкава, Галіна Нічыпаровіч, Галіна Мароз, Алена Брыцкая – здольныя падаць матэрыял у кантэксце “не падкапацца” і адначасова адэкватна рэагуюць на заўвагі. Лёлю Багдановіч, “ластаўку пад стрэшкай”, якая апошні год знікла з нашых гарызонтаў, хацелася б дадаткова ад душы павіншаваць з рэалізацыяй выдатнага праекта “Зорны кошык”.
Адкрыццё года “Жывіцы” – Сяргей Махнач. Нават трохі боязна, калі ведаеш рэальны літаратурны свет. Напачатку – рэзкі пад’ём, а пасля – усякае можа быць. Гэта ў нас – як у сям’і: ніхто нікога не крыўдзіць. Хацелася б верыць, што і Сяргей больш-менш правільна зразумее хвалісты характар жыцця, у тым ліку – і літаратурнага.
Што тычыцца монстраў паэтычнага слова – Максім Жаровін, Таццяна Шэіна, Лілія Мялешка, Галіна Нупрэйчык, Ангеліна Міронычава-Дабравольская, Ганна-Марыя Сітнікава, Андрэй Сузінь, Уладзімір Цанунін, Уладзімір Рунцэвіч, Віктар Кажура – тут больш трэба глядзець, каб не сапсаваць, чым нешта падправіць. Дарэчы, Кажура напачатку скінуў паэму, даволі гарманічную па аўтарскай мове, аднак яна зусім не стыкавалася з прынятым правапісам – нават паэтычным. Не гледзячы на складаныя жыццёвыя абставіны, Віктар Віктаравіч спакойна замяніў самабытную паэму на падборку – а як жа, на флагманаў раўняюцца! Бо зборнік – не толькі магчымасць убачыць сябе і прачытаць свае вершы, а і школа паэзіі.
Лічу, што геніяльныя творцы жывуць з намі не толькі ў адной прасторы і адным часе, а і ходзяць тымі ж сцежкамі і бываюць на тых жа мерапрыемствах. Як заўсёды застаецца адкрытым пытанне: ці спраўдзіцца з часам іх геніяльнасць? На жаль, гэта залежыць не толькі ад высілкаў самога аўтара і спрыяння яму творчым атачэннем, а і ад яго вялікасці Выпадку: і сённяшняга, і заўтрашняга.
Хацелася б выказаць асаблівую падзяку паэтам-ветэранам нашага клуба (па жыццёвым досведзе, па прафесійна-трапяткім стаўленні да вершаванага слова): Але Дзікай, Надзеі Мядзелец, Альдоніі Наўчанковай, Уладзіміру Жылко, Розе Камалавай, Яўгену Фіцнеру, Любові Хадкевіч. Паверце, тэмы палкай любові і нечаканага расстання, спакойнае ўспрыняцце не заўсёды гладкага жыцця і непазбежнай смерці, марна-хмарнага дзяцінства і назаўсёды роднай сям’і, выказаныя ў паэтычнай форме, заўсёды краналі і будуць кранаць людзей. Асабліва тых, хто бачыць жыццё ў аб’ёме і думае. Асобна хацелася б сказаць пра Яўгена Фіцнера: ён не піша вершы, а спявае іх.
Яшчэ трохі пра тых паэтаў, творы якіх у зборнік не ўвайшлі. Шчыра кажучы, трохі напружыў Ірыну Аляксандраўну, калі папрасіў ад майго імя дадаткова звярнуцца да Аляксандра Марозава, Бажэны Мацюк, Алега Нагорнага. Мы, зразумела, самадастатковыя, але бянтэжыць, калі таленавітыя людзі неяк ці то абмінаюць нас, ці то пра нас забываюць. Заўсёды ёсць боязь: калі свядома – няхай так і будзе, а раптам – не? Паэты, як і танкісты, сваіх не кідаюць. Не павінны. А непаэтаў у нас няма.
Двухтомнік “Праз восеньскі ажур” паспеў акурат да першага восеньскага паседжання. Але трохі затрымаўся з-за несупадзення адпачынкаў укладальніка-каардынатара, карэктара і рэдактара, а парушаць парадак падрыхтоўкі кнігі – рызыкаваць яе якасцю. Спадзяюся, што выдавец Анастасія Печанко – цяпер ужо Яцкевіч – не крыўдуе, бо ў цэлым “фэньшуй” супрацоўніцтва быў вытрыманы. Затое, дзякуючы затрымцы, з’явілася магчымасць аператыўна ўнесці ў біяграфічныя дадзеныя зборніка апошнія творчыя набыткі членаў клуба, якія яны паспелі паказаць на свяце Пісьменства ў Заслаўі, дзе “Жывіца” па дамоўленасці з выдавецкім дома “Звязда” два дні трымала канцэртную пляцоўку.
Паколькі адпраўным пунктам, які даў назву зборніку быў ананімны паэтычны конкурс “Праз восеньскі ажур/Сквозь осенний ажур”, не будзе лішнім пералічыць у алфавітным парадку пераможцаў, вершы якіх увайшлі ў асобны раздзел зборніка з прадмовай кіраўніцы клуба Ірыны Карнаухавай “Не отходя от традиций”: Святлана Быкава, Ганна Елецкова, Людміла Круглік, Анатоль Мазгоў, Сяргей Махнач, Галіна Мароз, Лілія Мялешка, Галіна Нупрэйчык, Святлана Рыжкова, Ганна-Марыя Сітнікава, Марына Шапавалава, Анатоль Шкода.
Віншую ўсіх з чарговым удалым калектыўным паэтычным праектам. Спадзяюся, што ён стане не толькі набыткам клуба, а і атрымае пэўны розгалас па Беларусі. А па Мінску і Мінскай вобласці – тым больш. Не пакідаю мару аб выданні эсклюзіўнага зборніка “Жывіцы”.

Юрась Нератокскачать dle 11.3
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики