Творчая сустрэча з Дзмітрыем Дземідовічам і Рагнедам Малахоўскім
25 кастрычніка б.г. на чарговае пасяджэнне народнага клуба кампазітараў і паэтаў пры МАЦНТ «Жывіца» завіталі беларускія пісьменнікі Дзмітрый Дземідовіч і Рагнед Малахоўскі. Госці расказалі пра сябе, свае творчыя набыткі, падзяліліся ўспамінамі і сакрэтамі творчасці, чыталі вершы, адказвалі на пытанні прысутных.
Беларускі паэт і празаік Дзмітрый Аляксандравіч Дземідовіч нарадзіўся ў 1947 годзе ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Атрымаў сярэднюю адукацыю ў мясцовай школе імя Я.Коласа, а затым паступіў у Беларускі палітэхнічны інстытут на энергетычны факультэт, які скончыў у 1969 годзе. Па адукацыі - інжынер-электрык. Працаваў на энергетычных аб'ектах Беларусі і былога Савецага Саюза. Працу па спецыяльнасці спалучаў з літаратурнай дзейнасцю. Зараз жыве ў Мінску, мае двух сыноў: Аляксандра і Аляксея.
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Дземідовіч піша на беларускай і рускай мовах. Ён аўтар зборнікаў вершаў «Прызнанне», «Самі…», «Двойное замыкание», «Грани судьбы». Яго пяру належаць паэмы «Белорусский десант» і «Большая игра», у якой апісаны цэлы пласт жыцця нашай краіны ў перыяд з 1900 па 1985 гг.
Пазалетась у пісьменніка выйшаў двухтамовы раман «Умереть, чтобы выжить» - пра лёсы беларускай інтэлігенцыі ў перыяд з 1917 г. па наш час. Раман, хоць і з'яўляецца мастацкім, але мае пад сабой дакументальную аснову. Чарвякоў, Купала, Колас, Некрашэвіч, сталінскія рэпрэсіі, вайна - і ўсё гэта тыражом 100 асобнікаў у прыватным выдавецтве. За свае сродкі выдаць раман больш вялікім тыражом пісьменнік не пацягнуў. Але, нягледзячы на гэта, тыраж разышоўся за тыдзень. А зараз, каб пачытаць кнігу, трэба шыбаваць у Нацыянальную бібліятэку. Паколькі Дзмітрый Аляксандравіч – зямляк Народнага паэта Беларусі, то не дзіўна, што прэзентацыя новай кнігі адбылася ў гасцінным Доме Коласа. Дарэчы, гэты твор быў прымеркаваны да 130-годдзя вялікага Песняра.
Узгадаў Дзмітрый Аляксандравіч i пра зборнік вершаў паэтаў Беларусі, Пецярбургу і Ленінградскай вобласці «Неделимое русло», які выйшаў увосень 2014 года і ў якім Дземідовіч быў членам рэдакцыйнага савета выдання. У кнізе, якая пабачыла свет пры падтрымцы Камітэта па друку Санкт-Пецярбургу, сабраны творы 93 аўтараў, а паэтычная палітра кнігі шырокая і разнастайная.
Пасля развітання з Дзмітрыем Аляксандравічам у залу завітаў Рагнед Юр'евіч Малахоўскі — паэт, журналіст, фатограф. Пра сябе госць распавёў наступнае. Яму 31 год, нежанаты. Нарадзіўся ў пасёлку Сеймчан Магаданскай вобласці ў сям’і мастака. Тата з Лагойскага раёна, маці з Нарачы. На поўначы Расіі ён з бацькамі жыў толькі 3 гады, а потым сям’я вярнулася на Беларусь, на Нарач.
Таксама Рагнед расказаў пра свае навучанне у школе і эканамічным універсітэце. Але, скончыўшы вучобу, ён не пайшоў па банкаўскаму шляху, а выбраў літаратуру, паэзію. Першая кніжка вершаў «Беражніца» выйшла ў 2005 годзе. У 2006 годзе Малахоўскі стаў членам СБП, у 2009 – членам СПБ. Працаваў у часопісах «Маладосць», «Бярозка», «Полымя», «Белая Вежа», «Вожык» і ў Мінскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў.
Акрамя літаратурнай дзейнасці Рагнед паспяхова займаецца фота.
- Як хобі я займаюся фотамастацтвам, правожу фотавыставы. І ў мяне з’явілася жаданне для сваіх фота пісаць нейкія каментары. Так нарадзіўся жанр фотаімпрэсіі, яны аформіліся ў кнігу «У дзённай мітусні», якая выйшла у 2012 годзе, - распавёў паэт.
У паэта няма жадання гнацца за колькасцю кніжак, ён iх выдаў усяго тры: акрамя вышэйзгаданых, яшчэ адзін зборнік паэзіі «Жыві!» (2014).
- Трэцця кніга «Жыві!» - тонкая, бо я сказаў: «Давайце выдадзім 60 маіх любімых вершаў». Тонкія кніжкі хутчэй чытаюцца. Таму я лічу, што лепей выдаць тры тонкія кніжкі, чым адну тоўстую. У мяне напісана больш, але я не спяшаюся выдаваць, - пракаментаваў паэт.
Падзяліўся Рагнед і сакрэтамі сваёй творчай лабараторыі.
- У асноўным я пішу пра Нарач і каханне. Свае вершы пішу вельмі доўга. Звычайна - месяц ці два. Стараюся яго не чапаць - хай адляжыцца. Часам мяне пытаюць: «А навошта ты пішаш?» Адказваю: «Таму што я не магу не пісаць». Мяне натхняюць як чужыя вершы, так і жывапіс, музыка. Творчаму чалавеку не варта сядзець і чакаць натхнення. Трэба кіраваць ім. Трэба навучыцца знаходзіць у сабе нешта такое, што выклікае гэта натхненне. Гэта могуць быць успаміны, вобразы, людзі.
Зараз Рагнед Малахоўскі на грамадскіх пачатках – рэдактар і складальнік серыі кніг «Маладая паэзія Беларусі» у выдавецтве "Харвест". На жартаўлівае пытанне: «А маладыя пенсіянеры могуць выдаць кніжку бясплатна?», адказаў сур’езна: «Непасрэдна для гэтага выдавецтва гэта немагчыма. Але ў мяне ёсць напрацаваны вопыт у іншых выдавецтвах і Саюзе пісьменнікаў. Магчыма, я змагу дапамагчы. Але не гарантую, што аператыўна».
Наконт свайго імя паэт пажартаваў: «Тата хацеў дзяўчынку».
Падчас размовы з членамі «Жывіцы» Рагнед чытаў свае вершы, дзяліўся ўспамінамі.
- Адна з маiх настольных кніг – «Выбранае» Максіма Танка. Таксама перачытваю вершы Рыгора Барадуліна і Уладзіміра Дубоўкі. З рускіх паэтаў – Блока, - прызнаўся Малахоўскі.
На пытанне кагосьці з «жывічанаў»: «Чаму Вы пішаце на беларускай мове?», паэт канстантаваў:
- У мяне беларускамоўная сям’я. Тата і маці размаўляюць на беларускай мове, я скончыў беларускамоўную школу, таму я носьбiт мовы.
На пытанне аб адносінах да рэлігіі, Рагнед адказаў:
- Калі мне было 13 гадоў, мяне хрысціў уніяцкі святар, які сказаў, што я магу хадзіць у праваслаўную царкву ці каталіцкі касцёл, калі няма ўніяцкага. Навошта нам дзяліць Бога, калі ён адзіны.
Кіраўнік клуба Іріна Карнаухава паддзякавала гасцям «Жывіцы» за іх цікавыя расповеды і падарыла калектыўныя зборнікі паэзіі «жывічанаў».

Анатоль МАЗГОЎ, г.Барысаў

на фота:
1. Дзмітрый Дземідовіч.
2. Кнiга "Умереть, чтобы выжить"
3. Зборнік паэзіі «Жыві!»
4. Рагнед Малахоўскі.

Творчая сустрэча з Дзмітрыем Дземідовічам і Рагнедам Малахоўскім
Творчая сустрэча з Дзмітрыем Дземідовічам і Рагнедам Малахоўскім
Творчая сустрэча з Дзмітрыем Дземідовічам і Рагнедам Малахоўскім
Творчая сустрэча з Дзмітрыем Дземідовічам і Рагнедам Малахоўскім

автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики