Шосты абласны фестываль гульні і гумару «Капыльскія пацехі»
У суботу 17.06.17 ў Капыль з’ехаліся госці амаль з усіх куточкаў сталічнай вобласці.
Тут праходзіў шосты абласны фестываль гульні і гумару «Капыльскія пацехі». І, як адзначыў напрыканцы старшыня Капыльскага раённага выканаўчага камітэта Анатоль Ліневіч, свята ўдалося.
Ужо на ўваходзе ў гарадскую зону адпачынку, дзе ладзіўся фестываль, чутны былі музыка, вясёлы смех і жарты — гасцей сустракала своеасаблівая мытня. Гэта ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні «Спадчына» Капыльскага раённага Цэнтра культуры бралі сімвалічную плату за ўваход: трэба было песню паспяваць, верш пачытаць, а то і ўпрысядку станцаваць.
Забаў было арганізавана шмат — на любы густ: і для дарослых, і для дзяцей. На кожным кроку конкурсы, спаборніцтвы, атракцыёны. Асаблівую ўвагу прыцягвала фотазона «Рагатуха», дзе можна было сфатаграфавацца на памяць і для настрою. А здымак зрабіць прапаноўвалі побач з вясёлымі лялькамі. Іх спецыяльна падрыхтавалі да фестывалю, бо напярэдадні Капыльскім райвыканкамам быў аб’яўлены конкурс сярод арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў горада на самую смешную ляльку. Лепшыя — і былі выстаўлены ў зоне адпачынку.
Вельмі цікавыя вырабы дэманстравалі і народныя майстры з Капыльскага, Уздзенскага, Нясвіжскага, Стаўбцоўскага, Клецкага, Слуцкага, Маладзечанскага раёнаў. На іх можна было не толькі палюбавацца, але набыць за сімвалічную плату. На добрым узроўні было арганізавана і гандлёвае абслугоўванне.
Конкурсныя праграмы ладзіліся на дзвюх пляцоўках. Адна з іх прыцягвала ўвагу аматараў вясёлых гульняў — там спаборнічалі гульнёвыя калектывы і культарганізатары. На галоўнай — сваё майстэрства паказвалі жартоўныя гурты, чытальнікі-гумарысты, аўтары і выканаўцы твораў, якія могуць выклікаць вясёлы смех у кожнага.
Гульнёвы калектыў «Лешакі» Ляшнянскага СДК заняў ІІІ месца ў намінацыі «лепшыя культарганізатары»
Хоць фестывальная праграма доўжылася амаль пяць гадзін, час праляцеў вельмі хутка. На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў старшыня журы пісьменнік Уладзімір Ліпскі адзначыў, што сёння ў Капылі паказалі, як трэба гуляць, як трэба радавацца кожнаму дню, як трэба жартаваць: умела, дасціпна, мудра.

А вось імёны пераможцаў. Сярод майстроў-гумарыстаў перамаглі ўдзельнікі з Нясвіжскага раённага цэнтра народнай творчасці, лепшым чытальнікам прызнаны Дзмітрый Краскоўскі з Валожынскага раёна. Першае месца сярод гульнёвых тэатраў у народнага маладзёжнага тэатра гульні «Балаган» з Логойска, лепшы культарганізатар — Святлана Шчукіна з Капыльскага раёна. І ў самым відовішчным спаборніцве сярод жартоўных гуртоў таксама перамаглі капыляне — народны тэатр гульні і гумару «Капыльскія пацехі». Ён прапанаваў гледачам вясёлую і надзвычай дынамічную праграму пад назвай «Таму што мы ў кедах», якая цалкам адпавядала заяўленай тэме фестывалю — «У здаровым целе — здаровы смех». Нельга не назваць і вядучых — Валянціну Шыманскую і Станіслава Цвірко — якія на працягу ўсяго свята настройвалі гледачоў на хвалю гумару і весялосці.
І вядома ж, члены журы не маглі не адзначыць гасцей фестывалю — народны тэатр народнага гумару «Вясёлыя аўцюкоўцы» з Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці, якія паказалі сапраўдны майстар-клас. Нашы госці павезлі дамоў жывы прыз — барана.
Свята гумару скончылася. Але кожны з яго ўдзельнікаў і гледачоў забраў з сабой добры настрой і зарад бадзёрасці, якімі з радасцю будзе дзяліцца са сваімі блізкімі. Бо як пажадаў Уладзімір Ліпскі: «Хай вам хочацца смяяцца і раніцай, і ў абед, і ўвечары».

Маргарыта САКОВІЧ

«Слава працы»



скачать dle 11.3
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики