У Вілейцы стартаваў літаратурна-музычны фестываль «Светлае слова»



На Вілейшчыне распачаўся першы літаратурна-музычны фестываль «Светлае слова». Старт мерапрыемству быў дадзены 8 верасня – менавіта ў мінулую пятніцу ў актавай зале Вілейскага дзяржаўнага каледжа адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю. Прымеркаваны да 500-годдзя пачатку беларускага кнігадрукавання і да 135-годдзя з дня нараджэння славутых сыноў Беларусі – Янкі Купалы і Якуба Коласа, ён складаецца з самых разнастайных мерапрыемстваў. Насычаная праграма фестывалю ўжо распачалася, шмат цікавага чакае і наперадзе – «Светлае слова» працягнецца па 30 верасня. Мы ўпэўнены, што кожнаму, хто неабыякава ставіцца да роднага слова, у гэтай разнастайнасці мерапрыемстваў абавязкова знойдзецца штосьці па душы і для душы.
Праграму ўрачыстага адкрыцця фестывалю «Тэатралізаванае слова» распачаў народны тэатр Вілейскага Палаца культуры (кіраўнік Вадзім Шырочын). Пасля слоў прывітання і віншавання вядучыя Алеся Арыстава і Кірыл Чэрнік запрасілі на сцэну дырэктара Цэнтра эстэтычнага выхавання, дэпутата Вілейскага раённага Савета дэпутатаў Таццяну Захарыч і шаноўных гасцей – Святлану Быкаву, старшыню Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэсу; Ірыну Карнаухаву, кіраўніка народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца» Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтара-выканаўцу; Галіну Варонаву, навуковага супрацоўніка Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы; Аляксандра Крыжэвіча, навуковага супрацоўніка Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа; Іну Фларову, намесніка старшыні Мінскага гарадскога аддзялення, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэсу. Як адзін з арганізатараў фестывалю Таццяна Захарыч першая ўзяла слова. Ніколі не расставацца з кнігай, а ў душы каб заўсёды гучала светлае слова – такое пажаданне адрасавала Таццяна Мікалаеўна прысутным. З вуснаў гасцей таксама гучалі шчырыя пажаданні тым, хто прысутнічаў у актавай зале, і, канешне, яны зычылі доўгіх гадоў фестывалю. Як людзі, непасрэдна звязаныя з мастацкім словам, госці чыталі вершы – пра адметнасць і непаўторнасць роднага слова, яго ролю ў жыцці кожнага беларуса, нашы карані і сувязь пакаленняў. Разам з паэтычным словам гучала і музыка – песню «Край мой верасовы» на словы Івана Лашуткі і сваю музыку ў апрацоўцы Уладзіміра Ткачэнкі выканаў Аляксандр Высоцкі. Яе гукі разліліся ў прасторы актавай залы, стварыўшы асаблівы настрой. З такім настроем навучэнцы дзяржаўнага каледжа (а іх у зале была большасць) адказвалі на пытанні віктарыны «Беларускае слова», якую правялі вядучыя. Пераможцай стала дзяўчына з прыгожым імем Дар’я, якая атрымала ўзнагароду з рук вядомага вілейскага паэта Уладзіміра Цануніна. «Не забывайце нашу родную мову, калі ласка!” – такім быў яго зварот да моладзевай аўдыторыі.
Да ўвагі сучаснай моладзі быў прапанаваны відэаролік аб моўнай культуры чалавека, у якім выказваліся меркаванні і выкладчыкаў, і студэнтаў пра брыдкаслоўе ў сучасным жыцці, пра тое, што цывілізваны чалавек павінен быць цывілізаваным і ў паўсядзённых зносінах.
Вядучыя праграмы ўрачыстага адкрыцця фестывалю нагадалі ўсім прысутным, што падчас яго праводзіцца дабрачынная акцыя «Чароўная скарбонка» ў падтрымку чатырнаццацігадовага Мікіты Ляшкевіча, які змагаецца з цяжкай хваробай. На аперацыю за мяжой патрэбны сур’ёзныя сродкі, знайсці іх няпроста. Але кожны можа падтрымаць Мікіту, набраўшы на клавіятуры тэлефона камбінацыю *22*8# выклік і такім чынам пералічыць на яго рахунак два рублі.
Калектыў аўтарскай песні «Элегія» добра вядомы на Вілейшчыне і па-за яе межамі. Кожны яго выхад на сцэну – гэта заўсёды цэльнае і дакладна выверанае з мастацкага пункту гледжання выступленне, бездакорнае сугучча музыкі і слова. У гэты раз удзельнікі калектыву таксама падняліся на сцэну, але спачатку далі магчымасць выступіць юнаму ўдзельніку студыі мастацкага чытання «Ветразь» (кіраўнік Мікалай Іваненка) Амраану Аль- Хлейфату, уладальніку Гран-пры першага раённага конкурса выразнага чытання «Галасы Беларусі», які праводзіла цэнтральная раённая бібліятэка імя Ганны Новік. У яго выкананні прагучаў урывак з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля».
Урачыстае адкрыццё фестывалю не абышлося без сюрпрызаў. Імі сталі новы верш Уладзіміра Цануніна, прысвечаны роднай мове, і песня «Светлае слова» на словы нашай зямлячкі Іны Фларовай, музыку Таццяны Захарыч і ў апрацоўцы Уладзіміра Лапціка, якая прагучала ў выкананні «Элегіі» ўпершыню. «Светлае слова, вечнае слова ветразем белым плыве…» – гэтыя словы (не памылюся, калі скажу так) сталі сапраўдным лейтматывам літаратурна-музычнага фестывалю, які толькі распачаўся.
Літаратурны кірмаш, прэзентацыі, інтэрактыўныя пляцоўкі, фотавыставы і выставы-гульні, аўтограф-сесіі, музейныя заняткі, сеанс бібліятэрапіі і шмат іншага – такім быў першы дзень фестывалю, які сапраўды выдаўся светлым і лірычным. Ён быў насычаны падзеямі і багаты на сустрэчы з творчымі людзьмі, мерапрыемствы праходзілі на розных пляцоўках. У рамках літаратурна-музычнага фестывалю, які працягнецца па 30 верасня, запланавана шмат. Мы, людзі творчай прафесіі, жадаем доўгага жыцця і спадарожнага ветру фестывалю, які сваёю назваю «Светлае слова» аб’ядноўваў многае і многіх.

Таццяна ШАРШНЁВА

«Шлях перамогі»скачать dle 11.3
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики