“ЖЫВІЦА” – 15 КРОКАЎ ПА ЖЫЦЦІ!
Як адзін дзень праляцела пятнаццаць год са дня заснавання народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца”. Здаецца, яшчэ ўчора яго ўдзельнікі рабілі першыя сумесныя крокі ў творчасці… А сёння, азіраючыся назад, яны сведчаць, што сучасная “Жывіца” – дружная “шматдзетная” сям’я, у якой кожны – непаўторны, самабытны талент, яркая зіхацінка вялікага агню стваральнага натхнення. Менавіта з яе выйшла ў вялікі свет шмат прызнаных майстроў слова, вядомых кампазітараў і выканаўцаў. А са зборнікаў аўтараў творчага аб’яднання можна ўжо нават цэлую бібліятэку ствараць.

Свой 15-ты юбілей народны клуб адзначыў справаздачным канцэртам “Пятнаццаць крокаў па жыцці”, які прайшоў у Мачулішчанскім цэнтры культуры і адпачыку. На мерапрыемства прыйшло шмат мясцовых жыхароў. Яны з задавальненнем слухалі лепшыя творы літаратараў і выканаўцаў, цёпла віталі пранікнёныя выступленні, не шкадавалі рук для апладысментаў. Бо тэмы, да якіх дакранаюцца аўтары, усім зразумелыя, блізкія да сэрцаў: любоў да роднай краіны, бясконцая ўдзячнасць адзінай на свеце матулі за жыццё. Гэта тэма стала лейтматывам свята, бо адбываўся канцэрт у Дзень маці, самага дарагога і роднага чалавека на зямлі. Менавіта ёй прысвяцілі свае творы Марына Шапавалава з гарадскога пасёлка Мачулішчы (Мінскі раён), Тамара Бярэзіна з Маладзечна, Мікалай Міхайлоўскі з Беразіно і іншыя. За жывое закранулі вершы і песні ў выкананні Марыі Лебядзько (г.Стоўбцы) і Дзмітрыя Краскоўскага (г.п.Івянец Валожынскага раёна), у якіх расказваецца пра сумны лёс пакінутай бацькоўскай хаты. У час іх выканання некаторыя жанчыны ўпотай змахвалі з вачэй слязінкі – так расчуліла іх балючая жыццёвая тэма.

Выканаўцы і гледачы разам адчувалі лірычныя ноткі восені, веліч зямнога кахання, павесяліся разам з падрастаючым пакаленнем, якое зажыгальна выканала вакальна-харэаграфічную кампазіцыю “Енотный джаз” на словы Ірыны Карнаухавай, кіраўніка і стваральніка народнага клуба “Жывіца”. Аўтар музыкі – Валянцін КаваліЎ з вёскі Турбянок Мінскага раёна.

Народных аўтараў павіншавала са святам і ўзнагародзіла дыпломамі загадчыца інфармацыйна-аналітычнага аддзела ДУ “МАЦНТ” Вераніка Навахрост. Яна параўнала “Жывіцу” з сапраўднай творчай лабараторыяй і заўважыла, што гэты клуб стаў прытулкам для няўрымслівых душ, і яны змаглі знайсці сваё месца на зямлі. Гэта кола аднадумцаў, тактоўных, дабразычлівых настаўнікаў і сяброў па пяру.

З пажаданнямі новых цікавых вынаходак да членаў клуба “Жывіца” звярнуўся іх калега з Гомеля, кіраўнік народнага калектыву Рэспублікі Беларусь “Арт-кафэ на Ірынінскай” Дзмітрый Нілаў, а таксама паэт, бард, лаўрэат міжнародных конкурсаў, удзельнік народнага калектыву Сяргей Старыкаў, які падарыў сябрам аўтарскую песню.

Цікавыя музычныя падарункі гледачы атрымалі ад народнага інструментальнага ансамбля “Кансананс” УА “Мачулішчанская дзіцячая школа мастацтваў”. Урывак “Quasilatin” з “Беларускага трыпціха”, створанага жодзінскім кампазітарам Дзмітрыем Окуневым, таксама членам клуба “Жывіца”, уразіў філігранным майстэрствам, а спевы народнага вакальнага ансамбля “Берагіня” са Сталбцоў – сардэчнасцю.

Шмат творчых, непаўторных віншаванняў, шчырых слоў падзякі і пажаданняў прагучала ў дзень нараджэння народнага клуба “Жывіца”! Але каб не дабразычлівыя намаганні Ірыны Аляксандраўны Карнаухавай, якая стаяла ля вытокаў гэтай суполкі, вышуквала, збірала і песціла таленты на працягу 15 год і стала для ўдзельнікаў клуба сімвалічным перавяслам, што яднае іх у сям’ю, хто ведае, ці адбыўся б гэты юбілей?

Анжэліка КУЧЫНСКАЯ, вядучы рэдактар ДУ МАЦНТ

Фота аўтара






скачать dle 11.3
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики