ЗАЛАТЫЯ СКАРБЫ НАДЗЕІ МІКУЛІЧ
Ці ведаеце вы, чым кітайскі губны гармонік адрозніваецца ад японскага і хто гэтыя дэфіцытныя інстументы дастаўляў беларускай спявачцы з Паднябеснай? Якія скарбы збірае ў “Залатую калекцыю беларускай народнай песні” заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Надзея Мікуліч? Пра гэта і шмат іншых цікавых падзей з творчага лёсу выканаўцы і аўтара песень даведаліся ўдзельнікі Мінскага абласнога нараднага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца”.
Сустрэча з сапраўднай легендай беларускай эстрады – яркай, ні з кім не параўнальнай, адбылася ў Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці. Надзея Анатольеўна адразу стварыла вакол сябе атмасферу ўзаемапаразумення і жывых зносін… толькі пры дапамозе адной песні “Улыбнись”, чым задала тон усёй далейшай сустрэчы. А выкананне іншых твораў дапаўнялася цікавымі звесткамі пра іх з’яўленне.
Напрыклад, песня “Ой, бяда”, напісаная Надзеяй, прысвячаецца мужу. Якая ж тут бяда, калі твой чалавек – адзіны каханы? – Губляюся ў думках. Але з тых жа спеваў атрымліваю адказ, што вялікае каханне можа зваліцца на кожнага як бяда ці выпрабаванне… каб потым адарыць іскрамі пачуццяў, натхнення і вялікай радасці.
Канешне, паэтаў і кампазітараў, якія прыйшлі на сустрэчу, шчыра зацікавіла, як спявачка, аўтар і кампазітар піша свае творы, якія захоўваюцца ў фондах радыё і тэлебачання, трывала ўвайшлі ў сучасную “Залатую калекцыю беларускай народнай песні”?
– Больш пішу па натхненні, – сазнаецца Надзея Анатольеўна, – шмат вершаў, якія чымсьці кранулі душу і сэрца, знаходзіла ў інтэрнэце. Аўтары некаторых наогул былі мне невядомыя. Я старанна іх адшуквала. Бывае, што песня ўжо жыве сваім жыццём, а аўтар знаходзіцца праз некаторы час. Адзін з інтэрнэт-аўтараў, Таццяна Штэрн, – нарадзілася ў Казахстане, зараз жыве ў Германіі, надрукавала цікавыя вершы, а я напісала музыку. І ў выніку наш агульны твор “Звёздная ночь” стаў неад’емнай часткай майго рэпертуару. І з Таццянай Штэрн, і з Ірынай Самарынай з Палтавы, а таксама з гомельскай паэтэсай Марынай Мачалавай склаліся творчыя адносіны. Марына натхніла на стварэнне песні “Любите каждый миг”. Ёй ужо зацікавілася і хутка праспявае Святлана Агарвал, беларуская выканаўца індыйскіх песень у стылі “балівуд”. Што з гэтага атрымаецца, слухачы даведаюцца на адным з канцэртаў Надзеі.
Надзея Мікуліч заўсёды шмат гастралюе, ніколі не мінае канцэртных пляцовак Міншчыны, выступае ў санаторыях краіны. Там, бывае, назірае, як ствараюцца закаханыя пары. Такія пары, звычайна часовыя, і натхнілі на напісанне песні “Зачем?”. Атрымалася лірычнае разважанне пра сэнс нашага жыцця і ўчынкаў, а таксама іх наступстваў. Яе з задавальненнем паслухалі і аб нечым задумаліся і ўдзельнікі клуба “Жывіца”.
Вынаска: За 45 гадоў сцэнічнай дзейнасці Надзея Мікуліч выканала шмат розных песень, іншыя гучаць ужо не адно дзесяцігоддзе. Але знакавай для яе была песня “Тапаліны пух”. З ёй Надзея Анатольеўна прыйшла на праслухоўванне ў філармонію, каб потым стаць адметнай салісткай ВІА “Верасы”.
А калі яна з “Верасоў” выходзіла “у адзіночнае плаванне”, свайго рэпертуару не было і чужыя хіты тады не спявалі, стала выконваць жартоўныя народныя. Для разнастайнасці ёй захацелася выкарыстоўваць губны гармонік, але ні ў Беларусі, ні ў Расіі патрэбнага інструмента не знайшлося. Трапляліся толькі “до-мажорныя”, а ёй быў патрэбны “соль-мажорны”. Выратавала сяброўка, якая вандравала па Кітаі і паляцела ў Германію. Каб хутка даставіць інструменты напярэдадні важнага выступлення, там і адшукалі землякоў-дальнабойшчыкаў, якія і даставілі тыя “залатыя” гармонікі да самага пад’езда дома, дзе жыве Надзея Мікуліч. Адзін з іх быў кітайскай вытворчасці, другі – японскай. Такая цудоўная сяброўская аператыўнасць!
Надзея раскрыла маленькі сакрэт тых гармонікаў. Нягледзячы на тое, што яны аднолькавай соль-мажорнай танальнасці, яе больш задаволіла якасць гука ад кітайскага гармоніка. Вось табе і чайнапром!!!!
Вынаска: Зараз губны гармонік соль-мажорнай танальнасці аздабляе амаль кожнае выступленне спявачкі. Не стаў выключэннем і гэты творчы вечар, на якім прагучалі песні з фонда радыё, а таксама тыя, што Надзея Мікуліч ўносіць у скарб “Залатой калекцыі беларускай народнай песні”.
І яшчэ адзін цікавы інструмент ёсць у “арсенале” Надзеі. Гэта дудачка, на якой раней іграла яе калега па “Верасах” Ядвіга Паплаўская, а потым перадала ёй для выканання народных песен. Гісторыя набыцця дудачкі не менш цікавая, чым гармонікаў. Яе падарылі фіны падчас правядзення аднаго з музычных форумаў, дзе Надзея спявала песню Віктара Хары. Ім так тады падабаўся наватарскі прыём: найгрыш на грабянцы з …тутунёвай паперай! Але, палічыўшы, што гэта не вельмі гігіенічна, уручылі “верасоўцам” больш бяспечнаю дудачку замест падручнага набора знаходлівага музыкі.
Надзея Мікуліч завершыла сваё выступленне песняй “Госці мае”, але паэты і кампазітары Міншыны не жадалі яе адпускаць, фатаграфаваліся, бралі аўтографы. А кіраўнік клуба “Жывіца” Ірына Карнаухава падарыла спявачцы падарунак – зборнікі твораў і песенныя дыскі самабытных аўтараў.

Анжэліка КУЧЫНСКАЯ, вядучы рэдактар ДУ МАЦНТ

Фота аўтара

скачать dle 11.3
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики