ПАЧАТАК ГОДА З ГАСЦЯМІ
Чарговае паседжанне народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывiца», якое прайшло 20 студзеня ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна, змясціла некалькі пунктаў.
Спачатку кіраўнік клуба Ірына Карнаухава для адсутных на мінулым паседжанні агучыла план працы «Жывіцы» на гэты год. У лютым - праца па секцыях, у красавіку і лістападзе запланаваны майстар-класы і творчыя лабараторыі. У чэрвені - выязное паседжанне (месца выезду пакуль удакладняецца), у верасні адбудзецца прэзентацыя новага калектыўнага зборніка. У найблізкіх планах таксама ўдзел у XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашу, якая будзе праходзіць з 6 па 10 лютага 2019 г. На ёй жывічане будуць прэзентаваць кнігу вершаў для дзяцей «Там за рэчкай, у бары».
Публіка ажывілася, калі ёй прапанавалі паўдзельнічаць у традыцыйнай рубрыцы «Пад уражаннем». У ёй ахвотнікі ўражваліся вершамі Максіма Лужаніна «Пачатак чалавека» (на беларускай мове) і Сяргея Высеканцава «Осень. Импрессионизм» (на рускай мове). Выступоўцы выразна, як у школе акцёрскага майстэрства, прадэкламавалі гэтыя творы і выказалі свае меркаванні пра іх. Затым у рубрыцы «Сам сабе рэдактар», па традыцыі, падвергліся стараннаму разбору два вершы - рускамоўны «Подруга» і «Галава - пчаліны рой» на беларускай мове. Жывічане давалі розныя адзнакі гэтым не зусім дасканалым тэкстам, прапануючы варыянты іх паляпшэння, а некаторыя нават паспелі скласці гумарыстычную раду ці пародыю. Як рэзюмэ: ставіцца да рэдактарскай працы трэба з павагай, і, перш чым прапанаваць вершы для друку, трэба даць ім «адлежацца» ці даць прачытаць калегам, каб «свежым поглядам» знайсці памылкі ці недакладнасці.
Працягваючы працу клуба, Андрэй Сямёнаў з Салігорска прадставіў на суд аўдыторыі сваю новую кнігу «За пределом реальности». А дапамог яму ў чытанні вершаванага твора па ролях кампазітар Анатоль Мяккі.
Пасля перапынку перад членамі народнага клуба паўстаў запрошаны госць, які нядаўна адзначыў 50-гадовы юбілей. Гэта старшыня Беларускага літаратурнага саюза «Полоцкая ветвь» Алег Зайцаў - паэт, празаік, драматург, літаратурны крытык, літаратуразнавец, дырэктар Культурна-асветніцкай установы «Литературный свет», член рэдкалегіі літаратурна-публіцыстычнага часопіса «Южное сияние», старшыня Рэвізійнай камісіі Міжнароднай супольнасці пісьменніцкіх саюзаў, член Міжнароднай Федэрацыі рускамоўных пісьменнікаў, сапраўдны член Крымскай літаратурнай акадэміі, член Расійскага саюза прафесійных літаратараў, член Беларускага саюза журналістаў, лаўрэат міжнародных літаратурных прэмій імя Маладой гвардыі, Славянская ліра, Міхаіла Матусоўскага, Сімеона Полацкага, М.С. Ляскова «Левша», ордэна «Культурная спадчына». Падчас службы ў войску быў узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік пагранвойск» II ступені.
Алег Зайцаў распавёў пра сябе, пра свае ўзнагароды, пра ўзначалены ім творчы саюз, пра праводжаны ім штогод Міжнародны літаратурны фэст «Славянская ліра». Затым прачытаў (па памяці!) шэраг сваіх вершаў з розных зборнікаў, прадэманстраваўшы на стэндзе напісаныя ім кнігі. Напрыканцы ўдзельнікам сустрэчы быў агучаны пераклад на ўкраінскую мову верша юбіляра са зборніка «Ребуc небес» у выкананні аўтара-перакладніцы Людмілы Крыжаноўскай з Херсона. Таксама слухачы пачулі запіс некалькіх песень на вершы Алега ў выкананні полацкага музыкі і кампазітара Леаніда Волкава. У падарунак ад народнага клуба Ірына Карнаухава ўручыла кіраўніку «Полоцкой ветви» адзін са зборнікаў «Жывіцы».
Пасля выступу госця жывічане прынялі ў свае шэрагі траіх пачаткоўцаў, якія па чарзе прадставіліся публіцы, коратка распавялі пра сябе і прачыталі свае лепшыя творы. Ларыса Ганчарова (г.Салігорск), інжынер і бухгалтар, пачала пісаць вершы зусім нядаўна, у 50 гадоў. Святлана Мароз (г.Барысаў), мастак-мадэльер, а цяпер пенсіянерка, наведвала «Жывіцу» напачатку станаўлення клуба, і пасля доўгага перапынку вярнулася сюды зноў. 79-гадовая Іваннікава Людміла Якаўлеўна (г.Мар'іна Горка) пераехала ў Беларусь нядаўна з Луганскай вобласці, а захапілася вершаскладаннем два гады таму.
У канцы паседжання Ірына Карнаухава прапанавала ахвотнікам выканаць «хатняе заданне» - напісаць верш на тэму «Месяцовае зацьменне».
У завяршэнні Алег Зайцаў уладкаваў аўтограф-сесію для тых, хто пажадаў набыць яго кнігі.

Кампазітарскай секцыя пачала работу з рубрыцы «Пад уражаннем». Былі прадстаўлены на разбор дзве кампазіцыі спевакоў Viu Viu "Swipe" і Іvanа (які раней прымаў удзел, як прадстаўнік нашай краіны ў "Еўрабачанні") "Снова тебя забываю". Потым кампазітары клуба Кашчэва Тамара (г.Фаніпаль), Лебядзько Марыя (са Стаўбцойскага раёна), Мягкі Анатоль (Мінскі раён) праспявалі свае новыя творы. А Іваннікава Людміла таксама выканала некалькі сваіх песень a capella.
Наступнае паседжанне народнага клуба «Жывiца» адбудзецца 17 лютага: паэтычная секцыя - а 10-й гадзіне, кампазітарская - у 13.00. Для вольнага праходу ў літаратурна-музычную гасціную просьба мець пры сабе пасведчанне народнага клуба «Жывіца».

Анатоль МАЗГОЎ, г.Барысаў
На здымках:
1. Андрэй Сямёнаў і Анатоль Мяккі на прэзентацыі кнігі А.Сямёнава.
2. І. Карнаухава і А. Зайцаў.
3. Новы твар у клубе - Іваннікава Людміла Якаўлеўна.



скачать dle 11.3
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики