НАВІНЫ ЛІТАРАТУРНАГА АБ'ЯДНАННЯ "НЕМАНЕЦ" УЗДЗЕНСКАГА РАЁНА
15 жніўня ва Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса адбылося чарговае пасяджэнне членаў літаратурнага аб’яднання “Нёманец”.
Дружба пабрацімаў-гарадоў Узды і Шатура змацаваная не толькі эканамічнымі сувязямі, але і культурнымі. Што пацвярджаецца абменнымі паездкамі і публікацыямі ў розных сродках масавай інфармацыі. Адным з кірункаў з'яўляецца і штогадовы літаратурны альманах "Сфера притяжения", у якім сабраны творы аўтараў гарадскога акругі Шатура, а таксама літаратараў Беларусі і Балгарыі. Таму яго можна лічыць і міжнародным. Вось і ў гэты дзень адбылася прэзентацыя зборніка. Усе прысутныя пазнаёміліся з аўтарамі з Беларусі і іх творамі, якія былі апублікаваныя, - Дзмітрыем Вінаградавым, Ірынай Карнаухавай, Галінай Нічыпаровіч, Віктарам Сабалеўскім, Палінай Рандзір, Лёлей Рудзік і Валянцінай Чарнюк.
Уважліва слухалі ўдзельнікі мерапрыемства і творцаў з “Нёманца” – Валянціну Шытыка, Дзмітрыя Вінаградава, Галіну Нічыпаровіч, Паліну Кучук, а таксама дырэктара цэнтральнай раёнай бібліятэкі Аксану Драчан.
Не ўпершныю завітала на Уздзеншчыну пісьменніца, аўтар шматлікіх кніг для дзяцей і дарослых, песень, кіраўнік абласнога народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца” Ірына Карнаухава. У цёплай сяброўскай атмасферы яна расказала пра свае апошнія творчыя сустрэчы, дасягненні, падзялілася планамі.
Яшчэ адной з тэм гэтай сустрэчы літаратараў стала ўшанаванне пераможцаў раённага творчага конкурсу “Сучаснае пакаленне ведае цану вызвалення”, прымеркаванага да 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.
Арганізатарамі конкурсу сталі рэдакцыя раённай газеты “Чырвоная зорка”, бібліятэка, мясцовае літаб’яднанне і раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. На працягу амаль паўгода на старонках газеты друкаваліся творы вопытных ужо літаратараў і маладзейшых аўтараў, у якіх расказвалася пра бессмяротны подзвіг беларускага народа ў гады ваеннага ліхалецця. Вялікая Айчынная тым ці іншым чынам закранула амаль кожную сям’ю, у многіх з прысутных у той дзень у зале 75-80 гадоў таму загінуў ці выцярпеў неймаверныя мукі хтосьці з родных, блізкіх.
У канкурсанткі з вёскі Цялякава Алы Шыбко ў гады вайны быў двойчы паранены бацька Сяргей Аляксандравіч Стрыгельскі, які пазней і памёр ад гэтых раненняў. А другі дасланы на конкурс верш Ала Сяргееўна прысвяціла таксама рэальнай сітуацыі: у вёсцы Літавец суседняга Дзяржынскага раёна разам з іншымі жыхарамі былі спалены цётка Наста і яе маленькі сын Ваня. Гэта кранальная гісторыя знайшла шырокі рэзананс у чытачоў.
— Мой бацька, Рыгор Апанасавіч Чабатароў, ваяваў на Фінскай, ад першых да апошніх дзён правёў на франтах Вялікай Айчыннай, ваяваў пад Масквой, дайшоў да Берліна, — расказвала прысутным Вольга Бокуць-Чабатарова. – І сама я жонка ваеннага, таму заўсёды кранаюць маю душу вершы, проза на гэтую тэму. Паспрабавала выказаць свае пачуцці на паперы…
Запамінальныя вершаваныя вобразы стварылі таксама ў сваіх творах член Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіна Нічыпаровіч, жыхарка вёскі Мякаты Іна Алісевіч, былая бібліятэкарка Клаўдзія Рогава, жыхарка райцэнтра Тамара Каляда, іншыя аўтары.
Павіншаваць пераможцаў конкурсу прыйшлі старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” Алена Герасімовіч і прадстаўніца грамадскага аб’яднання Ірына Траццяк. Дыпломы лаўрэатаў і каштоўныя падарункі ўручаны Але Шыбко, Віктару Сабалеўскаму, Тамары Каляда і Вользе Бокуць-Чабатаровай.

http://www.uzdalib.by/%D0%9D%D0%B0%D0%B2%D1%96%D0%BD%D1%8B-%D0%B6%D0%BD%D1%96%D0%B2%D0%B5%D0%BD%D1%8C-2019/

На здымках:
1. Аксана Драчан
2. Ірына Карнаухава
3. Галіна Нічыпаровіч



скачать dle 11.3
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики