«УСЁ ПАЧЫНАЕЦЦА З ЛЮБВІ»
У фае ДУ «МАЦНТ» 15 верасня 2019 года адбылася прэзентацыя чарговых паэтычнага зборніка і песеннага дыска народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца».
У мерапрыемстве прынялі ўдзел аўтары і выканаўцы з розных куткоў Міншчыны, якія сабраліся разам, каб сагрэць пранікнёным паэтычным словам ужо трошкі па-асенняму зябкі вераснёўскі дзень. І, трэба сказаць, у іх атрымалася! Да таго ж, тэма прэзентацыі як нельга лепей спрыяла гэтай цудоўнай мэце – бо што, як не каханнне, акрыляе сэрцы і прымушае гарачую кроў рухацца хутчэй? Што, як не каханне, дае сілы працягваць жыць і глядзець у будучае з надзеяй нават тады, калі лёс падкідвае ўсё новыя і новыя выпрабаванні?
Адкрыла мерапрыемства кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца» Ірына Аляксандраўна Карнаухава. Падчас свайго выступлення яна шчыра павіншавала ўсіх прысутных з выданнем 24-га зборніка пад назвай «Дакрануцца да світання» і падзякавала Марыне Шапавалавай і Бажэне Мацюк за карпатлівую і плённую працу па карэктуры тэкстаў выдання, у якое ўвайшлі творы 72 аўтараў з 18 раёнаў Міншчыны. Таксама Ірына Аляксандраўна не абмінула ўвагай выпуск дзясятага, юбілейнага, дыска самадзейных кампазітараў вобласці, што складаецца з дзвюх частак агульнай колькасцю ў 39 песень.
Важная для творцаў Міншчыны літаратурна-музычная падзея прыцягнула ўвагу шматлікай публікі – у імправізаванай зале яблыку недзе было ўпасці. Падчас імпрэзы гучалі вершы і песні, прысвечаныя не толькі рамантычнаму каханню, але і любові да сваёй малой радзімы, куточка, дзе кожны чалавек бярэ пачатак і з якім да скону звязаны моцнай нябачнай ніццю. Менавіта гэтай кранальнай тэме былі прысвечаны выступленні Тамары Аўсяннікавай з Маладзечна (верш «Мае вытокі»), Тамары Кашчэвай з Фаніпаля (песня на словы Анатоля Зэкава «Мая бусліная краіна»), Галіны Нупрэйчык з Клецка (верш «Бацькоўскі дом»), Генадзя Пічугіна са Смалявіч (верш «Родной дом») і Дзмітрыя Сушко (песня на словы Таццяны Атрошанка «Родны дом»), Генадзя Парыкіна (аўтарская песня «Моя деревня»).
Галіна Нічыпаровіч з в. Магільна Уздзенскага раёна прачытала верш «Не адпускай», менавіта словы з якога «дакрануцца да світання» і далі назву зборніку, такім чынам назаўсёды ўвайшоўшы ў агульную гісторыю «Жывіцы».
Нотку дабрадушнай іроніі прыўнёс у лірычную атмасферу мерапрыемства верш члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі, рэдактара прэзентуемага выдання Юрыя Юр’евіча Гарбачова (Юрася Нератка), у якім аўтар даў трапную і дасціпную характарыстыку той вялікай разнастайнасці вершатворцаў, якія праходзяць праз яго вочы падчас працы над новымі кніжкамі. Юрый Юр’евіч адзначыў належны ўзровень аўтараў і высокую якасць твораў, што былі змешчаны ў дадзеным зборніку, і нават вылучыў некалькі вершаў, на яго думку, ужо дастойных нават уключэння ў школьную праграму.
Як жа ў сярэдзіне верасня, у самым, так бы мовіць, яго сэрцы, можна было не сказаць некалькі слоў пра чароўную непаўторнасць восені, якая толькі-толькі ўступае ў свае правы? Яна, пазалаціўшы яшчэ нядаўна ізумрудна-зялёныя ўборы дрэў, яшчэ стаіць нерашуча на парозе, развітваючыся з адыходзячым летам і праводзячы яго ў далёкую дарогу.
Паэтэсы Марыя Лебядзько са Стаўбцоўшчыны і Таццяна Цвірка з Клецка сваімі вершамі «Повстречались лето с осенью» і «У восені загадкавая ўсмешка» правялі слухачоў па ціхім асеннім завулкам і ўзрушылі ў іх душах шмат непаўторных эмоцый.
Аўтар з Барысава Алена Брыцкая прачытала паэтычны твор «Мои мелодии», які вельмі прыйшоўся даспадобы публіцы і стаў удалай ілюстрацыяй лірычнай вершавана-песеннай атмасферы імпрэзы.
На філасофскі лад настроіла прысутных кампазіцыя «Рака жыцця» на словы Яўгена Прадзядовіча ў выкананні Валянціны Беланоўскай, а барысаўчанін Анатоль Мазгоў адкрыў гасцям і ўдзельнікам канцэрта асаблівасці нялёгкай долі літаратара ў сваім вершы «Паэт».
Ну і, канешне ж, не абышлося ў гэты дзень без твораў пра зямное каханне, якое, нібы агонь, апаляе мужчынскія і жаночыя сэрцы. Яно прыходзіць да кожнага хоць раз у жыцці. І, незалежна ад таго, шчаслівае яно ці гаротнае, гэтае моцнае пачуццё нараджае ў душах людзей прагу да творчасці і самавыяўлення. Менавіта дзякуючы каханню, на свет у свой час з’явіліся самыя вядомыя творы сусветнай літаратуры, а выдатнейшыя кампазітары, мастакі і скульптары стварылі свае лепшыя шэдэўры. Аўтар-выканаўца са Старых Дарог Людміла Журава таксама натхнілася і напісала песню «Притяжение», якую і прадставіла ўвазе публікі. А Настасся Швядко з аг. Пятрышкі Мінскага раёна зачытала свой пранікнёны верш «Вот-вот рассыплюсь на осколки».
Тэму любоўных пакут песняй «Уведут» працягнуў Юрый Белоў з Маладзечна. І хто толькі сказаў, што мужчына павінен хаваць свае эмоцыі? Не! І яшчэ раз не! Асабліва калі дзякуючы ім у прадстаўнікоў моцнага полу абуджаецца натхненне! Напэўна, так жа лічыў і Валерый Каняхін з Пухавіцкага раёна, калі пісаў свой музычны твор «Любовь не знает границ».
Але ж і жаночая паэзія ні ў якім разе не саступае мужчынскай у пачуццёвай пранікнёнасці. Гэта ў поўнай меры даказала сваім вершам «Размаўляй са мной» Бажэна Мацюк, цудоўная паэтэса і па сумяшчальніцтве вядучая прэзентацыі.
Паэтычную эстафету мерапрыемства завяршылі Анатоль Шкода з Заслаўя і Валянціна Шчарбакова з Нясвіжа, прачытаўшы вершы «Улыбнитесь» і «Я шукала надзеі і веры».
Напрыканцы імпрэзы эстэтычны густ слухачоў як след пацешылі ўдзельнікі народнай студыі эстраднай песні «Імпэт», у выкананні якіх прагучалі песні на словы Янкі Сіпакова («Твае рукі»), Генрыха Кутаса («Паштоўка») і Яўгеніі Янішчыц («Пачынаецца ўсё з любві»). Дарэчы, музыку да гэтых цудоўных твораў напісала нязменны кіраўнік студыі Галіна Кутас.
Пасля завяршэння мерапрыемства яго ўдзельнікі яшчэ доўга не маглі разысціся і нешта вельмі ажыўлена абмяркоўвалі, фатаграфаваліся, дзяліліся між сабой шматлікімі ўражаннямі ад пачутага і ўбачанага падчас некалькіх канцэртных гадзін.
Што ж, думаю, ніхто не будзе спрачацца, што з любві не толькі ўсё пачынаецца, але ж ёю і заканчваецца, бо яна – аснова ўсяго існага, тая жыватворная сіла, якая дае чалавеку моц на пераадоленне ўсіх нягод, адкрывае для яго новыя шляхі і, канешне ж, натхняе, раскрываючы таленты і пашыраючы ўнутраныя межы. А без гэтага немагчыма ні тварыць, ні жыць увогуле, што на справе даказалі сваімі выступленнямі ўдзельнікі народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца» падчас канцэрта-прэзентацыі чарговага зборніка «Дакрануцца да світання» і песеннага дыска «Усё пачынаецца з любві».

Таццяна Курмазія, вядучы рэдактар ДУ «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці»

Фота: Павел Цыбін

На фота:
1. Бажэна Мацюк
2. Дзмітрый Сушко
3. Галіна Нупрэйчык і Геннадзій Пічугін
4. Галіна Нічыпаровіч
5. Юрась Нераток
6. Таццяна Цвірка
7. Анатолій Мазгоў
8. Валянціна Шчарбакова і Анатолій Шкода
9. народная эстрадная студыя "Імпэт" і кіраўнік клуба Ірына Карнаухава
10. агульнае фота



«УСЁ ПАЧЫНАЕЦЦА З ЛЮБВІ»







скачать dle 11.3
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики