КАМУ ПАТРАБУЕЦЦА СЁННЯ ПАЭТ І КАМПАЗІТАР?
17 лістапада ў Народным клубе паэтаў і кампазітараў «Жывіца» (кіраўнік – Ірына Карнаухава) пры Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці адбылася творчая лабораторыя, у якой прынялі ўдзел вядомыя паэты, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Сяргей Давідовіч і Людміла Кебіч. А ў кампазітарскую секцыю завітаў Вячаслаў Пяцько, член Беларускага саюза кампазітараў.

Давідовіч Сяргей Фёдаравіч – сябра Саюза мастакоў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганаровы грамадзянін г. Лагойска, Чалавек года Міншчыны (2015 г.). Ён узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад ў развіццё культуры Беларусі», неаднаразова атрымліваў граматы Лагойскага райвыканкама, Мінскага аблвыканкама.
Паэт распавёў пра сваё дзяцінства, пра цяжкі галодны час, пра сваю малую радзіму, працоўныя гады і шлях да творчасці, спалучаючы гэтыя ўспаміны з паэтычнымі радкамі са шматлікіх зборнікаў вершаў. У багажы аўтара таксама ёсць празаічныя кнігі, сцэнарый поўнаметражнай камедыі «Свежаніна з Салютам» і песні, якія напісалі кампазітары на яго словы.
У канцы выступу, адказваючы на пытанні прысутных, Сяргей Фёдаравіч расказаў пра сваю мастацкую галерэю ў Лагойску, пра звыш 40 персанальных выставаў у Беларусі, Германіі, Польшчы, Латвіі, Літве, пра тое, што яго імя ўключана ў сусветную 80-томную энцыклапедыю «Мастакі ўсіх часоў і народаў», выдадзеную ў Мюнхене.

Кебіч Людміла Антонаўна перш за ўсё паэтэса, але ў яе творчым багажы ёсць і празаічныя творы («Дамінанты лёсу» – аўтабіяграфічная аповесць, а назва «Гродна – горад каралёў» кажа сама за сябе), і тры зборнікі песень (дарэчы, музыку да ўсіх у «Словах прызнання» напісаў гродзенскі музыка і кампазітар Генадзь Кебіч), і дзіцячыя выданні, на якія натхнілі аўтара чатыры ўнукі. Удзельнікам творчай лабораторыі госця прэзентавала выдадзены ў гэтым годзе паэтычны зборнік «Бэзавы дом».
З цікавасцю прысутныя слухалі вершы пра вёсачкі, дзе жылі бабулі і дзядулі паэтэсы, пра Гродна, дзе жыве і працуе зараз яна сама, падарожжы па Беларусі і за мяжу. Не абмінула аўтар і тэму кахання, творы музычнай тэматыкі. Надоўга запомніцца ўсім і найактуальнейшы ў наш час іранічны верш «Паэт і повар», напісаны з вялікай любоўю да майстроў слова.
Натхнёныя цудоўнай паэзіяй, сябры клуба задавалі госці шмат пытанняў: пра сям’ю, творчасць, горад Гродна – на якія яна з задавальненнем адказвала, шчыра дзялілася сваімі эмоцыямі і ўспамінамі.
Скончылася сустрэча песнямі Людмілы Антонаўны ў яе ж выкананні. Але хіба ж скончылася? Спадзяёмся, гэта быў толькі пачатак сяброўства і творчага супрацоўніцтва пісьменніцы з «Жывіцай», таму што якраз тут мы кожны раз абвяргаем думку, што ў сучасным прагматычным свеце «Патрабуецца повар, і ніколі – паэт».
Кампазітары Міншчыны пазнаёміліся з таленавітым маладым кампазітарам Вячаславам Пяцько – членам Беларускага саюза кампазітараў, выкладчыкам Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, стыпендыятам (2007) і дыпламантам (2010) Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэатам і дыпламантам міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў.

Вячаслаў Пяцько ў 2010 годзе з адзнакай скончыў Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж па спецыяльнасці «музыказнаўства». Тады ж паступіў на музыказнаўчае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. З 2011 года пачаў асвойваць прафесію кампазітара ў рамках адпаведнага факультатыўнага курса.
Удзельнікам лабараторыі былі прадэманстраваны відэаролікі, у якіх яны змаглі пачуць у выкананні Святочнага хору Свята-Елісавецінскага манастыра творы а capella («Во мне любви было мало», «Мой гасударь»), а таксама магістарскую дысертацыю «Зімовыя песні» (трыпціх для змешанага хору і вялікага сімфанічнага аркестра). Асаблівая ўвага была ўдзелена вакальным творам, над якімі любіць працаваць кампазітар. Пад вялікім уражаннем засталіся слухачы ад раманса «Пахне чабор» на словы Петруся Броўкі.
Шмат удзячных слоў пачуў Вячаслаў у свой адрас у канцы сустрэчы: прысутныя доўга не адпускалі маладога чалавека.
Пад вялікім уражаннем ад творчай лабараторыі паэты і кампазітары Міншчыны раз’язджаліся па сваіх раёнах.

Бажэна ГАНУШКІНА, Іна КУЗІНА
Фота аўтараў і Андрэя Сямёнава



скачать dle 11.3
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики