«АРТ-КАФЭ» НА ІРЫНІНСКАЙ» І «ЭЛЕГІЯ» – ДОБРЫЯ СЯБРЫ «ЖЫВІЦЫ»

Чарговае пасяджэнне народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца», якое адбылося 15 жніўня ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна, было сюрпрызным, яркім і насычаным.
Як і два гады таму, і таксама ў жніўні, у госці зазірнулi некалькi членаў народнага калектыва Рэспублікі Беларусь «Арт-кафэ» на Ірынінскай» пры Гарадскім цэнтры культуры г.Гомеля. Вяртаючыся дадому з фестывалю, яны не прамінулі спыніцца ў Мінску і наведаць з творчым прывітаннем наш клуб.
Аб сваіх калегах, удзеле ў перадачах літаратурна-музычнага радыё «Океан Плюс», фестывалі «Паруса Надежд», які праходзіў пад Салігорскам, распавёў паэт, перакладчык, аўтар сцэнарыяў, член Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў, рэжысёр-пастаноўшчык і адзін з арганізатараў калектыву Дзмітрый Нілаў. Ён жа пазнаёміў жывічан з песняй «Любовь-река» (музыка Вячаслава Малежыка, словы Юрыя Рамесніка), прачытаў свае вершы, напісаныя ў перыяд кавiдных абмежаванняў.


Затым перад публікай выступіла маладая паэтка, спявачка Анастасія Каберда, якая падарыла прысутным свае вершы і вядомую песню «Ветер перемен».


Яшчэ адзін аўтар-выканаўца Сяргей Старыкаў з'явіўся крыху пазней, але таксама парадаваў прысутных выкананнем пад гітару сваіх лепшых песень і вершамі з новага зборніка «Дневник состояний» (2020).


Незабыўныя глядацкія захапленні, апладысменты і крыкі «Брава!» сабрала канцэртная праграма народнага калектыву аўтарскай песні «Элегія» Вілейскага цэнтра эстэтычнага выхавання пад кіраўніцтвам Таццяны Захарыч. Чароўная музыка, шчырае паэтычнае слова, разважанні аб жыццi і нязгаснае імкненне душы да прыгажосці і чысціні – усё гэта было прадстаўлена ў выступе нашых гасцей.
Падчас канцэрту адбылася прэзентацыя новага песеннага дыска «Ды чыстай крыніцы». Гэта восьмы па ліку дыск народнага калектыву і ў ім ёсць тры раздзелы: духоўная тэматыка (песні беларускіх кампазітараў і інструментальная музыка); тэма Першай сусветнай вайны; лірыка – песні на вершы Уладзіміра Цануніна, Ірыны Карнаухавай, Валерыя Максімовіча і іншых паэтаў.



Асобным праектам стаў зварот да творчасці вядомага на Вілейшчыне паэта Івана Іосіфавіча Лашуткі, чыя дачка Лілія Іванаўна Лашутка таксама выступіла перад жывічанамі з расповедам пра любімага тату.

Гучалі вершы і песні на тэксты жывічан – Уладзіміра Цанунiна (г. Вілейка), Тамары Бярэзінай (г.Маладзечна), Ірыны Карнаухавай (Мінскі р-н).
Цёплых слоў ад кіраўніка «Жывіцы» Ірыны Карнаухавай і ўсіх прысутных у зале бібліятэкі заслужылі ўдзельнікі народнага калектыву: Таццяна Захарыч (кіраўнік «Элегіі», аўтар-выканаўца, фартэпіяна, гітара), Уладзімір Лапцік (гітара, музыка і аранжыроўка песень), Вікторыя Амельяновіч (скрыпка), Алена Кеўліч (цымбалы), Уладзімір Цанунін (паэт, аўтар-выканаўца, гітара).


Пасля перапынку жывічане, якія выдалі сёлета аўтарскія кнігі, прэзентавалі іх сваім калегам. Зінаіда Гасціловіч (Валожынскі раён) прадставіла зборнік вершаў пра каханне на рускай і беларускай мовах «Даруй. Прости».


Галіна Нупрэйчык (г. Клецк) выдала маляўнічую кніжку для дзяцей «Вясёлкі ў расінках». На думку I. Карнаухавай, такія дзіцячыя выданні павінны ўваходзіць у школьную праграму для пазакласнага чытання.


Уладзімір Цанунiн (г. Вілейка) выпусціў унікальную кнігу «Жорны лёсу», у якой ў паэтычнай форме распавёў пра лёс сваіх дзядоў i бацькоў. Па словах паэта, праўда ў кнізе выглядае як прыклад анцісавецкай творчасці, але іначай напісаць было нельга. Стварыўшы біяграфію сям'і 10 гадоў таму, аўтар аддаў рукапіс у выдавецтва толькі сёлета.

Зінаіда Багамолава (г. Жодзіна) прадставіла маляўнічыя зборнікі вершаў для дзяцей, выдадзеныя летась: «Загадкі для дзетак» і «Стихи для детей».


Леанід Агарышаў (г. Слуцк) падзяліўся паэтычнымі думкамі аб леташніх падзеях у нашай краіне.
Выступы паэтаў перамяжоўваліся песеннымі саліраваннямі кампазітараў клуба Анатоля Мяккага і Аляксандра Луцэвіча, ствараючы музычную гармонію з рыфмаванымі радкамі.


Напрыканцы Iрына Аляксандраўна нагадала жывічанам пра выступ клуба і прэзентацыю новага зборніка на Дне беларускага пісьменства 5 верасня ў Капылі, а таксама пра хатняе заданне да наступнага пасяджэння: напісаць верш, у якім прысутнічае абарваная рыфма.
Наступнае паседжанне народнага клуба «Жывіца» адбудзецца 19 верасня: паэтычная секцыя – а 10-й гадзіне, кампазітарская – у 13.00.

Анатоль МАЗГОЎ

На здымках:
1. Дзмітрый Нілаў (г.Гомель).
2. Анастасія Каберда (г.Гомель).
3. Сяргей Старыкаў (г.Гомель).
4. Выступае ансамбль «Элегія».
5. Выступае Ірына Карнаухава.
6. Уладзiмiр Цанунiн прэзентуе новую кнігу.
7. Зінаіда Гасціловіч прэзентуе зборнік пра каханне.
8. Галіна Нупрейчик выдала кніжку для дзяцей.
9. Зінаіда Багамолава дорыць вершы дзецям.
10. Спявае Анатоль Мяккi.
11. Спявае Аляксандр Луцэвiч.
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики