З ЗЯМЛІ – НА АБЛОКІ і З АБЛОКАЎ НА ЗЯМЛЮ


Калектыўны зборнік “Недзе там, за аблокамі” (назва – цытата з верша Дзмітрыя Краскоўскага) яшчэ пасля стадыі ўкладання, якую выдатна і нераўнадушна выканала Ірына Аляксандраўна Карнаухава, быў адразу адметны высокім узроўнем.
Рэдагавалі гэтым разам парытэтна: я, Юрась Нераток, і Валянціна Акулёнак. Трэба сказаць, што падобны варыянт, аналагаў якому не сустракаў, не прадстаўляўся рызыкоўным, бо сегрэгацыя з Валянцінай Леанідаўнай калі не абсалютная, то блізкая да таго. Зразумела, што нейкая спрэчная драбяза магла застацца, аднак на тое яна і драбяза.
Калі сказаць даходліва, першапачатковае цвёрдае чатыры зборніка нам з Валяй, здаецца, удалося падвысіць перад перадачай у друк да пяці з мінусам. А лепш для народнага клуба і быць не можа.
Асобна хацелася б адзначыць, што размова ідзе не толькі пра адпаведнасць вершаў фармату, дакладней, фарматам паэзіі. Няма ў зборніку выпадковых паэтаў і выпадковых вершаў – гэта ўзровень паэзійнасці. Няма ў зборніку і вершаў кшталту “пішу таму, што пішацца”, – усе яны маюць нагоду для стварэння. Гэта – адказнасць і перад асабістай публічнай і перад нашай калектыўнай творчасцю.
Яшчэ пра рэдактуру. Для мяне словаспалучэнне “граматны спецыяліст” – ніжэйшая ступенька кваліфікацыі. Зразумела, што без базы – нікуды, аднак падыход, крытэрыі, патрабаванні не могуць быць пастаяннымі ні ад зборніка да зборніка, ні ад аўтара да аўтара. Яны фарміруюцца літаральна пры кожнай рэдактарскай зацэпцы. Што і дае аб’ёмнасць падыходу да вершаванага слова.
Пры тым, што можна пералічыць больш за палову аўтараў як выдатнікаў, хацелася б адзначыць асобна Валерыя Хіхіча з яго пераканаўчай легендарнасцю. …Толькі на другі раз заўважыў, што ўсё ж больш прынятае напісанне “Свіцязянскі”, а не “Свіцязанскі” край. Хоць і апошняе ў асабістым зборніку магчыма, калі аўтар гатовы пазмагацца абы пазмагацца.
З агульнага. Як вядома, няўцямнае правіла ўжывання ў рускай мове “е” замест “ё” набывае практычныя абрысы: ад “ё” (здаецца, чацвёрты за час ад увядзення літары ў мову гісторыкам Карамурзіным (сапраўднае прозвішча Карамзіна)) чарговы раз пазбаўляюцца. Што праглядаецца і ў рускіх вершах зборніка. У нас пакуль правіла тое ж: як лічыць аўтар. Бо асноўнае правіла – зразуменне (ці слова, ці абзаца, ці тэкста ў агульным? які ўзровень чытача?) без скажэнняў.
Дадаткова нагадваю пра “у” і “ў” ў беларускіх вершах. Тэксты ў нашых зборніках падаюцца па граматыцы, а чытайце і спявайце, як лепш пасуе да гукавога чытання і песні. Выключэнне – новы радок, які пачынаецца, як правіла, з вялікай літары: можна пісаць або па граматыцы, або “у” звычайнае. Усё гэта робіцца для камфортнага ўспрыняцця тэксту вачыма (без непатрэбных спатыканняў). Мы прынялі гэта даўно, аднак (ці ад таго, што ўсе гэтак жа дбайна думалі, ці ад таго, што шмат каму з рэдактараў выданняў расказваў) прыблізна так цяпер працуюць усе.
Калі выйдзе зборнік, раю аўтарам пачытаць не толькі ўласныя вершы, а і калег па творчасці. А ўласныя – літаральна пазнакава параўнаць з дасланым Ірыне Аляксандраўна. І паспрабаваць прааналізаваць, чаму з’явіліся адрозненні. Гэта ўрокі, якія толькі ў такіх выпадках і быць могуць. Сам так заўсёды рабіў, пакуль друкавацца не абленаваўся.
Зусім ужо агульнае. Некалі даволі паспяхова пазмагаўся з паразітным паэтычным словам “свой”. Слоўка зручнае – адзін склад, які заўсёды даткнецца ў рытмічную шчыліну. А часам усё астатняе ўкладзена так, што і без яго не абыдзешся. Пры гэтым “свой” (што на рускай, што на беларускай мовах) апраўданым у паэзіі бывае добра, калі ў 5-10% выпадках.
Статыстыка: на зборнік 230 ужыванняў. З якіх, атрымліваецца, 200 – неапраўданыя. Зразумела, не катастрофа, аднак калі гэтая неапраўданасць праскочыць у суседніх чатырохрадкоўях, вы можаце ніколі не зразумець, чаму выданне выкінула ваш выбітны ў астатнім верш.
Маецца і тэхнічна-фінансавая праблемка: зборнік трохі велікаваты для адной кнігі, па факце – на адно прачытанне. Пасля – распаўзецца, не вытрымае. А кніга, паўтаруся, дастойная таго, каб яе чыталі не толькі мы самі. Калі памятаеце, у такіх выпадках раней мы дзялілі зборнік на дзве часткі. Цяпер часы яшчэ больш суровыя: тыя, хто выдзяляюць грошы, эканомяць, скажам шчыра, капейкі на культуры. Магчыма, давядзецца самім трохі ўкласціся, раз дзяржаве хапае толькі на сябе. Трэба ўсё ж, каб рэалізацыя творчасці была фэньшуйнай. “Мастацтва патрабуе ахвяр” (Искусство требует жертв) – і, як высвятляецца, найперш ад саміх творчых людзей…
Каб не завяршаць выступ сацыяльным ныццём, на заканчэнне хацеў бы зачытаць анонс для зборніка:
Кніга «Недзе там, за аблокамі» – сведчанне як высокага ўзроўню паэтычнай школы народнага клуба «Жывіца», так і трапяткога і далікатнага стаўлення да паэзіі аўтараў. Разнастайныя тэмы, арыгінальныя мастацкія прыёмы, непаўторны ўнутраны свет паэта за кожнай вершаванай падборкай і разам з тым агульная высокая ступень маральнасці і гуманізму – асноўныя складнікі творчай справаздачы клуба перад народам.

Юрась Нераток
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики