СВЯТА ДУШЫ


Дваццаць сем гадоў назад у горадзе Францыска Скарыны нарадзілася Свята беларускага пісьменства і распачало цікавую вандроўку па культурных і гістарычных цэнтрах роднай старонкі. Некаторыя мясціны яно аблюбавала і наведала двойчы. Гэта Полацк, Заслаўе, Нясвіж. А сёлета пашчасціла нашаму даўняму сябру і добраму суседу Капылю. Ён стаў сталіцай Свята. А мне давялося ў другі яго дзень зблізку разглядзець шмат сапраўдных цудаў. Хіба ж не цуд – горад майстроў, што вырас, як на дражджах, на цэнтральных капыльскіх вуліцах? Яго ўпрыгожылі плады плённай працы беларусаў – розныя вырабы з дрэва, шкла, фарфору, металу і іншых матэрыялаў. Доўгімі радамі раскінуліся багатыя шатры-палаткі з розных гарадоў і вёсак Міншчыны. Тут можна было набыць усё, што пажадае душа. Бліскучыя вялізныя гронкі рознакаляровых шароў упрыгожвалі вуліцы. Размаляваныя вочы матрошак падміргвалі гасцям і запрашалі хутчэй адкрыць цікавую таямніцу, што хаваецца ў драўляным нутры кожнай з іх. Цукровая вата прыцягвала рабят асалодай, а гарачыя шашлыкі смачна пішчалі на шампурах і вабілі ўсіх, хто кіне на іх пагляд. Але матэрыяльнымі прысмакамі сёння нікога не здзівіш. Галоўнае – духоўны стрыжань мерапрыемства. Шчаслівы Капыль уволю наталіўся вытанчанай паэзіяй і казачнай музыкай. Гэтыя элітныя падарункі прывезлі капылянам і гасцям горада творчыя калектывы палацаў культуры, аматары роднага слова, вядомыя беларускія пісьменнікі і музыкі-выканаўцы. Працавала шмат павільёнаў з кніжнымі выставамі розных бібліятэк. Нямала было і пляцовак для выступленняў.
Амаль цэлы дзень частавала ўсіх жадаючых вершамі і песнямі “Літаратурнае кафэ”. На гэтай пляцоўцы доўга працаваў Мінскі абласны народны клуб кампазітараў і паэтаў “Жывіца” пад кіраўніцтвам Ірыны Карнаухавай. Вялі праграму Віктар Кажура і Настасся Швядко. Прэзентаваліся новы зборнік вершаў і музычны дыск. “Жывіца” шмат гадоў упрыгожвае самабытнымі талентамі любое абласное ці рэспубліканскае свята. Працуе зладжана, годна.
На малой сцэне выступаў Лазавіцкі музычны калектыў “Лазінка”пад кіраўніцтвам Іны Дударэвіч, якая сама напісала шмат песень для выканаўцаў. Звонкія галасы артыстаў з Клеччыны дарылі радасць усім, хто іх чуў. Душа спявала пад баян Уладзіміра Снарскага і хацелася танчыць.
Члены Мінскага абласнога аддзялення СПБ пад кіраўніцтвам Святланы Быкавай выступалі на дзвюх пляцоўках. Вядучай была Таццяна Каленік. У “Літаратурным кафэ” адбылася імпрэза “З паклонам да зямлі Капыльскай”. Змястоўныя песні і вершы заварожвалі слухачоў. Другая наша пляцоўка – “Слова пісьменніка”. Сюды мы прыйшлі ўсёй “Сябрынай” і таксама не з пустымі рукамі. Прынеслі скарбонку з нізкамі вершаў, прысвечаных капыльскаму краю, роднай прыродзе, каханню. Іскрыстымі смяшынкамі-крышталікамі сыпаўся трапны гумар, гучалі пранікнёныя песні на струнах душы.
Капыль шчодра частаваў гасцей двума вялікімі канцэртамі на галоўнай сцэне з удзелам зорак эстрады, дзіцячых танцавальных калектываў, артыстаў тэатра і кіно. Вялікае задавальненне дарылі слухачам Прэзідэнцкі аркестр Беларусі, Аксана Волкава, Яўген Курчыч, Артур Федаровіч, Алена Ланская, Анатоль Ярмоленка і шмат іншых артыстаў. На сцэне гучалі цёплыя віншаванні, праводзіліся ўзнагароджанні пераможцаў Нацыянальнага конкурсу. Было цікава, весела, прыгожа.
У Год народнага адзінства Свята беларускага пісьменства зблізіла, парадніла шмат людзей, запаліла ў вачах агеньчыкі цікавасці да літаратурных твораў, да нацыянальнай культуры, і пакрочыла да іншых гарадоў. Наступны прыпынак – сталіца Добруш.

Галіна Нупрэйчык, г. Клецк
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики




www.minetki.biz