ПАЖАДАННІ НА НОВЫ ГОД


Непагодлівае надвор'е і кавідныя перасцярогі не адбілiся на настроі членаў народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывiца», якія сабраліся 19 снежня на чарговае пасяджэнне ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна. Усе чакалі сустрэчы з новымі пладамі натхнення сваіх калегаў, а таксама з новымі асобамі, якія зазірнулі гэтай раніцай у абноўленую залу на 2-м паверсе.
У якасці мазгавой размінкі кіраўнік клуба Ірына Карнаухава прапанавала прысутным выканаць маленькае творчае заданне ў рубрыцы «Фразачка для затравачкі»: скласці верш са словамі «Этой зимой...» (на расейскай мове) або «Гэтай зімой...» (на беларускай мове). Пасля таго, як жадаючыя агучыць свае творы, зрабілі справаздачу перад прысутнымі, яны атрымалі новае практыкаванне: перавесці з беларускай мовы на рускую шэраг слоў на зімовую тэматыку. І мала хто паказаў у адказах, што «шарпак» – гэта наст, «шэрань» – иней, а «лядзяк» – сосулька.

Затым жывічане пазнаёміліся з новымі асобамі клуба, якія па чарзе прадставіліся публіцы, коратка распавялі пра сябе і прачыталі свае творы. На гэты раз адразу тры чалавекі пажадалі ўліцца ў дружны калектыў «Жывіцы». Ларыса Сямук, былая настаўніца рускай і беларускай мовы і літаратуры, якая знаходзіцца цяпер на заслужаным адпачынку, пачала пісаць вершы яшчэ ў дзяцінстве, прычым, па яе словах, «яны прыходзяць самі», над імі нават не трэба працаваць.


Надзея Каверыч з аграгарадка Дубраўка Пухавіцкага раёна, настаўніца рускай мовы, а да гэтага – намеснік дырэктара школы, не толькі піша вершы, але і спявае ў вакальным калектыве.


Малады хлопец Ігар Засімовіч з пасёлка Дружны Пухавіцкага раёна спачатку саромеўся прадставіць публіцы сваю творчасць, але затым асмялеў і прачытаў вершы.


Працягнуў выступленні сваіх землякоў нядаўні юбіляр, таксама жыхар Дружнага Мікалай Марын. У якасці прэзентацыі ён прадставіў аўдыторыі дзве сваіх новых кнігі – «От рассвета до заката» і «Голосую за жизнь», якія выйшлі ў сталічным выдавецтве «Каўчэг» накладам 99 асобнікаў кожная. 7 кастрычніка Мікалай Пятровіч адзначыў сваё 70-годдзе, а ў якасці падарунка для сябе выдаў два паэтычных зборніка. У іх аўтар адкрыта, раскрываючы патаемныя куткі сваёй душы, расказвае аб сабе, дзеліцца з чытачамі сваімі філасофскімі думкамі аб тых аспектах жыцця, якія хвалююць наша грамадства. Дарэчы, яго вершы публікаваліся ў дваццаці калектыўных зборніках паэзіі, якія былі выпушчаныя народным клубам «Жывіца», пачынаючы з 2004 года. Калегі па пяру цёпла павіншавалі юбіляра, адрасаваўшы яму словы прызнання і лірычныя радкі сваіх твораў.

Затым Ірына Карнаухава коратка пазнаёміла прысутных з планамі на будучы год, пакінуўшы падрабязнасці на студзеньскае пасяджэнне. 2022 год для «Жывіцы» – юбілейны, клубу споўніцца 20 гадоў. Таму падрыхтоўка да справаздачнага канцэрту будзе вельмі сур'ёзнай. Вялікая просьба да жывічан – актуалізаваць свае творчыя характарыстыкі, якія размешчаны на сайце «Жывіцы», дадаўшы ў іх звесткі аб сваіх новых публікацыях, выдадзеных кнігах і ўзнагародах за літаратурныя дасягненні.
Па словах Ірыны Аляксандраўны, у наступным годзе па заведзенай традыцыі будуць выпушчаныя калектыўныя паэтычны зборнік і песенны дыск, прычым да дыска будзе прыкладацца нотны зборнік запісаных песень. Па плане зборнік вершаў будзе адрасаваны дзіцячай аўдыторыі, разлічаны на ўзрост чытачоў ад 5 да 15 гадоў. Таму просьба да аўтараў – дасылаць вершы, загадкі, казкі і іншыя творы да канца лютага 2022 г.
Пасля перапынку жывічане па прапанове свайго кіраўніка ананімна запісалі кароткія пажаданні самім сабе на наступны год, заварочваючы напісаны запіс і перадаючы адзін аднаму лісток паперы. Сярод iх былі як традыцыйныя пажаданні здароўя, кахання, міру, дабра, натхнення, творчых поспехаў, так і канкрэтныя – выпусціць збор твораў.
У заключэнне ў невялікім пераднавагоднім прадстаўленні прынялі ўдзел усе жывічане, як з паэтычнай, так і з кампазітарскай секцый. Выступоўцы чыталі вершы, выконвалі песні, дружна апладзіравалі сваім калегам за дастаўленае эстэтычнае задавальненне.


Наступнае паседжанне «Жывіцы» адбудзецца 16 студзеня (10.00 – паэтычная секцыя, 13.00 – кампазітарская секцыя).

Анатоль МАЗГОЎ

На здымках:
1. Зінаіда Гасцiловiч (в. Подберазь, Валожынскі раён) пераклала верш М.А. Некрасава.
2. Зінаіда Багамолава (г.Жодзіна).
3. Валянціна Акулёнак (г.Салігорск) чытае вершы.
4. Аляксандр Чарвінскі (г. Мар'іна Горка, Пухавіцкі раён)
5. Ірына Карнаухава і Анатоль Мягкі (а/г Калодзішчы, Мінскі раён).
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики