ГОСЦІ І ПРЭЗЕНТАЦЫІ Ў “ЖЫВІЦЫ”


22 мая ў зале замежнай літаратуры Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна адбылося чарговае пасяджэнне паэтычнай і кампазітарскай секцый народнага клуба «Жывіца». Спачатку прысутныя папрацавалі над вершамі Яна Быдлоўскага «Верш у 2041 год» і Мікалая Дзіка «Крылья Пегаса к потёртым лопаткам...» у рубрыцы «Пад уражаннем». Ацэнка першага верша адрозьнівалася: ад таго, што аўтар збег з нейкай медыцынскай установы да захаплення філасофскім сэнсам гэтага верлібра. А калі звязаць дату 2041 год з 1941 годам, стане лепш відаць, што аўтар імкнуўся данесці да чытача — гэта зварот да нашчадкаў. Разбіраючы рускамоўны верш, прыйшлі да высновы, што папера сцерпіць любы напісаны тэкст, але гэта страшна, калі нявартыя творы пойдуць да чытача.
У другім заданні жывiчанам трэба было падабраць сінонімы да слоў «вдохновение» і «натхненне». Актыўна папрацаваўшы над заданнем, члены клуба даказалі, што чалавек вышэй штучнага інтэлекту.

Затым слова далі новай асобе клуба Аляксандру Сцяпанавічу Яцуку з г.п. Гарадзея Нясвіжскага раёна.

У свой час ён абіраўся дэпутатам Мінскага гарсавета, а па вяртанні на радзіму працуе рабочым у Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Свой першы верш Аляксандр Сцяпанавіч, паводле яго слоў, злажыў у сне 26 лістапада 1996 г. А ў канцы 1999 г. у газеце «Знамя юности» выйшаў верш «Разрушитель», і, так супала, што неўзабаве Б. М. Ельцын падаў у адстаўку з пасады прэзідэнта Расii. А. С. Яцук прачытаў некалькі сваіх твораў і расказаў аб творчых дасягненнях, у тым ліку пра вершаваную гісторыю Гарадзейскага цукровага камбіната.

Далей I. А. Карнаухава распавяла аб некаторых праблемных нюансах, звязаных з паступленнем твораў у новы калектыўны зборнік, і папрасіла аўтараў, якім былі зробленыя заўвагі ад рэдактара кнігі Юрася Нератка, аператыўна папрацаваць над імі і даслаць абноўлены варыянт твораў да канца месяца. Кіраўнік «Жывіцы» яшчэ раз паўтарыла просьбу абнавіць свае творчыя характарыстыкі і фотаздымкі, якія будуць размешчаны на сайце «Жывіцы». Заадно неабходна падоўжыць тэрмін дзеяння пасведчанняў, у каго ён скончыўся. Яшчэ адна просьба да справаздачнага канцэрта народнага клуба — прадумаць і прапанаваць якія-небудзь арыгінальныя нумары, у тым ліку і калектыўныя, у каго яны ёсць у творчым багажы.
Пасля невялікага перапынку пачаліся прэзентацыі новых выданняў. З паэтычным зборнікам «Я строю город из стихов» пазнаёміў аўдыторыю госць клуба Дзмітрый Нілаў з Гомеля.

Напярэдадні ён актыўна падтрымліваў футбольны клуб «Гомель», які заваяваў Кубак Беларусі, перайграўшы барысаўскі БАТЭ на мінскім стадыёне «Дынама». Таму, сарваўшы голас, быў вымушаны адмовіцца ад выканання песень і прачытаў вершы з новага зборніка, у якім сабраная любоўная, пейзажная, грамадзянская і іранічная лірыка.

Уладзімір Цанунін з Вілейкі прадставіў на суд жывічан два зборнікі вершаў: «Каму патрэбна памяць аб вайне» і «Пад грукат колаў цягніка» (дзённік падарожнiка) (выдавецтва «Перамога», г.Маладзечна).

Аўтар прачытаў вершы з кожнага раздзела абедзвюх кніжак і парэкамендаваў сваім калегам па пяру звяртацца ў гэта маладзечанскае выдавецтва, бо ў іх нават прашытыя кнігі каштуюць не даражэй за 5 рублёў за асобнік. Як распавёў У.Цанунiн, у яго яшчэ са студэнцкіх гадоў захаваліся 28 нататнікаў на рускай мове, і ў кожным з іх запісаныя не менш за сто вершаў. Паэт выбраў з іх 197 і рыхтуе да выдання новы зборнік «Забытый блокнот». Жадаючыя маглі набыць кнігі Дзмітрыя Нілава і Уладзіміра Цанунiна з аўтографамі аўтараў.

Любоў Хадневіч (г. Лагойск) прэзентавала рускамоўны зборнік вершаў «Серпантин» (выдавецтва «Каўчэг» г. Мінск).


Яшчэ адна госця з Гомеля Анастасія Каберда прачытала некалькі сваіх вершаў на розную тэматыку.


І. А. Карнаухава пажадала выступоўцам новых творчых поспехаў, а тым, хто яшчэ не выпусціў сваю кнігу, зрабіць гэта, бо толькі так можна застацца ў памяці блізкіх і родных.
Пасяджэнне кампазітарскай секцыі пачалося з прэзентацыі 4-га па лiку песеннага зборніка «Напоўнім сэрцы дабрынёй» Тамары Кашчэва (г.Фаніпаль).

Жывічане цёпла павіншавалі Тамару Іванаўну з 70-годдзем, а яна ў адказ падзякавала публіцы за цікавасць да яе творчасці, а таксама паэтам — аўтарам тэкстаў сваіх песень. Усяго на рахунку Т. Кашчэва 4 песенных зборніка і 4 дыска з песнямі. У апошні зборнік аўтар ўключыла песні, якія адлюстроўваюць дабрыню, цеплыню, духоўнасць, каханне. Яна выканала некалькі песень: «Сцяжынка ў мінулае», «Судьбу за всё благодарю», «Карусель», «Улыбайтесь, люди!», «Весеннее танго», «Беларусь — наша маці-Айчына», «Гімн г. Фаніпаля», «Свята».

Таксама Т. Кашчэва паведамiла, што яна не толькі аўтар гімна Фаніпаля, але і ганаровы грамадзянін гэтага горада. Жадаючыя таксама маглі набыць дыскі і зборнікі кампазiтара з яго аўтографам.

Эстафету песеннай творчасці прыняў госць «Жывіцы» — народны ансамбль народнай песні «Мілавіца» з аграгарадка Дубраўка Пухавіцкага раёна (музычны кіраўнік Васіль Пятровіч Мукавозчык).

Самадзейныя артысты выканалі песні, музыку да якіх напісаў былы кіраўнік калектыву Іван Міхайлавіч Калевіч. Гэта «Хлебаробы», «Цітаўка», «Сусед», а таксама «Каліна чырвоная» і «Сустрэча сяброў».

Затым жывічане з задавальненнем праслухалі запісы песень на вершы Дзмітрыя Нілава ў выкананні вядомых кампазітараў Вячаслава Малежыка і Дзмітрыя Смольскага. Анатоль Мяккі (Мінскі раён) выканаў дзве песні на словы Таццяны Атрашанка. Працягнулі своеасаблівы канцэрт Святлана Войтава (г. Маладзечна) з аўтарскай песняй «С ароматом пролитого кофе» і Ларыса Гулкоўская (г.Салігорск) з песняй «Капели в апреле» на верш Мікалая Марына (п.Дружны Мінскага раёна).
Наступнае пасяджэнне «Жывіцы» — выязное ў г. Салігорск — адбудзецца 19 чэрвеня. Прыбыць трэба а 8-й гадзіне раніцы да абласной бібліятэкі, адкуль і адправіцца ў шлях заказны аўтобус. Хто збіраецца ў паездку — просьба патэлефанаваць Ірыне Аляксандраўне Карнаухавай ў перыяд з 1 па 7 чэрвеня.

Анатоль Мазгоў
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики