ПАЭЗІЯЙ ЖЫВІЦЦА МІНШЧЫНА
ПАЭЗІЯЙ ЖЫВІЦЦА МІНШЧЫНА


Двухтомнік паэтаў народнага клуба “Жывіца” з рамантычнай назвай “Мне рамонкі цалуюць калені” выйшаў у кастрычніку 2011 года ў выдавецтве Анастасіі Печанко і пэўным чынам зацвердзіў творчы рост і высокі патэнцыял аб’яднання.
У сямі тэматычна-настроевых раздзелах кнігі, па-майстэрску ўкладзеных кіраўнікамі “Жывіцы” Ірынай Карнаухавай і Галінай Дораш, творчыя набыткі каля васьмідзесяці паэтаў Мінскай вобласці.
Дарэчы, як і назва зборніка, так і ўсе яго раздзелы пазначаны выбітнымі радкамі творцаў “Жывіцы”.
Зразумела, што ўзровень калектыўнага зборніка не можа быць ідэальна роўным, як складана параўнаць і кнігі розных паэтаў. На тое і аб’яднанне, каб творцы рознага паэтычнага стажу, вопыту, творчага статусу і амбіцый маглі дзяліцца між сабой лепшым і вучыцца адзін у аднаго. Аднак несумненна тое, што ўзровень высокі. Тым больш перад фарміраваннем зборніка былі і чытанні з разборамі на студыі, і майстар-класы, і абмен уласнымі зборнікамі. І доўгае чаканне, пакуль паэтычны ўзровень не перавысіць пэўную планку. Не будзе памылкай сказаць, што асноўная частка твораў адпавядае ўзроўню сучасных літаратурных выданняў, а значная частка з іх была папярэдне рэалізавана праз гэтыя выданні: часопісы, газеты і літаратурныя старонкі. Творцы працуюць і разам, і паасобку…
Калі Ірына Аляксандраўна зрабіла прапанову рэдагаваць двухтомнік, асаблівых ваганняў не было: далёка не ўсе ангажаваныя творцы могуць назваць роднымі беларускую і рускую мовы. А я нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў мовы і літаратуры, якія між сабой размаўлялі кожны на сваёй (рускай і беларускай літаратурнай мове). Таму “пераключка” з мовы на мову адбывалася нязмушана і натуральна.
Затое была асалода літаратурным узроўнем “Жывіцы”: як пры першай чытцы, так і пры другой.
Спадабалася вызначанасць выдаўцоў, калі ў эканамічна-няпэўных умовах выдавецтва Анастасіі Печанко спрацавала на беларускую літаратуру.
Штотыдневік творчай інтэлігенцыі Беларусі “ЛіМ” (“Літаратура і мастацтва”) адрэагаваў на выхад зборніка анатацыяй, у якой клуб “Жывіца” названы рэзервовым батальёнам Мінскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Думаю, павінна адазвацца і абласная “Мінская праўда” і, напэўна, слынная “Звязда”, якую цяпер узначальвае старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА “СП Беларусі” Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч.
Хацелася б пазначыць творцаў, якія і ў якасці “рэдагуемых” не страцілі творчага шарму: чытаючы, больш баяўся сапсаваць, чым не паправіць. Не з-за імя (імёны ў нас прыблізна аднолькавыя) – па тэксце.
Усцешна было сустрэць даволі абазнаных і вядомых ў паэзіі Вольгу Сакалову, Уладзіміра Цануніна, Максіма Жаровіна, Лёлю Багдановіч, Аляксандра Марозава, Яўгена Карпуця.
З задавальненнем чытаў творы вопытных і майстравітых Ігара Канановіча, Жанны Левітан, Галіны Нічыпаровіч, Святланы Быкавай, Валянціны Акулёнак.
Радавалі элегантныя радкі Анны Елецковай, далікатныя – Уладзіміра Жылкі, іранічныя – Валянціны Шчарбаковай, пяшчотныя – Альдоніі Наўчанковай, маляўнічыя – Ліліі Мялешкі, дасціпныя – Уладзіміра Рунцэвіча, спеўныя – Валянціны Паповай, адчайна філасофскія – Андрэя Сямёнава, бойкія і дасціпныя – Алы Дзікай, вобразныя і пяшчотныя – Віктара Кажуры.
Святлана Рыжкова уразіла тым, што здольная сказаць сваё слова ў такой апрацаванай паэтамі сферы, як прырода. З цікавасцю чыталіся вершы разнастайнага эксперыментатара Віталя Быля і паэтычна “знаходлівага” Анатолія Мазгова.
Адным словам, кніжка ўдалася, з чым маю гонар павіншаваць усіх, хто спрычыніўся да яе выхаду. І парадавацца за гарады і вёскі Міншчыны, якія маюць сваіх паэтаў.

Юрась Нераток
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики