|
З ТАБОЙ І БЕЗ ЦЯБЕ
Заўсёды падавалася несправядлівай прапорцыя часу, за які пішацца твор (маецца на ўвазе сапраўдны твор, а не эпігонскія практыкаванні), і часу, за які ён чытаецца. Рэдактарская праца над рукапісамі рознага кшталту пацвердзіла, што знешняе (разавае) знаёмства ў большасці выпадкаў дае магчымасць атрымаць толькі агульнае ўяўленне пра напісанае і прыблізна вызначыць узровень. Таму калі трапляюцца кнігі або творы аўтараў, якія не толькі напамінаюць імі пра сябе літаратурнаму свету, а маюць больш істотныя нагоды для стварэння, не лянуюся перачытаць. Так адбылося і з кнігай “Эрас” мар’інагорскага паэта Уладзіміра Рунцэвіча. Заўсёды ёсць небяспека парушэння аб’ектыўнай ацэнкі: зверху ўніз або знізу ўверх. А глядзець трэба – вочы ў вочы. Толькі так. Ляпаць аўтара па плячы або захапляцца ім – водгук, а не крытыка. Ведаю Рунцэвіча як творцу, які не піша прахадных твораў, бо яго чулая і шчырая душа і назіральны розум даюць дастаткова важкіх нагод, каб выклікаць Музу. Нагадваю, што старажытны Эрас (Амур, Купідон) – бог фізічнага кахання (шлюбнага яднання), а ягоны славянскі аналаг – Ярыла. “Эр-Яр” – этымалагічна роднасныя словы і азначаюць адно: сіла. А калі нязломная моц кахання тайфунам урываецца ў душу, застаецца спадзявацца на рэфлексы і засвоенныя ад бацькоў або прынятыя паводле свайго досведу прынцыпы. Сінтэз парадку і хаосу, цемры і святла… Ведаеце? Ну і Рунцэвіч ведае. Мінор ён пераблытаў і мажор, Звыклае адвеку ўсё парушыў… (Эрас) Зборнік Уладзіміра Міхайлавіча цалкам адпавядае назве ўкладзеным у яго вершам. Можна было б даць абцякальную назву “Гэта салодкае слова – Любоў…” (па назве аднаго з раздзелаў кнігі) і пасунуцца ў бок агульнапрынятага фармату вершаваных зборнікаў пра цнатлівае каханне з прымешкам сунічных палянак і журавінных балацін. Навошта? Аднак Рунцэвіч не эпатуе, бо пачуццё меры – неад’емная частка таленту. А захоплена, часам з пэўнай доляй іроніі дзеліцца ўспамінамі, марамі і падзеямі, якія прасякаюць жыццё кожнага мужчыны. Пачынаецца зборнік з верша, які, пэўна, ранавата даваць у сярэдняй школе, аднак які, несумненна, не пашкодзіць гуманітарнаму студэнцтву. Схіляю нізка галаву, Бо ёсць на ўсё адна прычына. Вось так на свеце і жыву – З любоўю светлай да жанчыны. (Даўно душы жадалася палёту…) Плоцевы фланг кахання пры гэтым таксама не хаваецца сарамліва па-за радкамі, а паўстае між радкоў. Не сакрэт, што ініцыятыва збліжэння ў людзей належыць мужчынскаму полу. Як і ва ўсёй прыродзе – гэта вызначальная прыкмета. – Любая, што ты, не трэба… Ведала ж – ідзём не ў грыбы… Праз зашчытак падглядвала неба, А ў ім два дзікія галубы. (Леснічоўка) Ці знойдуцца параўнанні, Ці трэба яны ў гэты час? Сіла, краса – у каханні. Ноч. Натхненне. Экстаз. (Экстаз) Мерна гойдаецца ложак, Як нязмазаны вазок. (Гульня) І разам з тым каханне паэта – не эгаістычнае, ён увесь час памятае, што ёсць пэўныя жыццёвыя абставіны, што суправаджаюць жанчын, якіх фізічнае каханне больш абцяжарвае і ў пераносным, і ў прамым сэнсе. І перад якімі сумленны чалавек апроч інстынктыўных пачуццяў адчувае адказнасць і нават вінаватасць. Ён павінен супакоіць, падстрахаваць, узнагародзіць. Перш за ўсё кветкамі – сімвалам жаноцкасці. Ты не вер сягоння палыну, Не хвалюйся, як сустрэне маці… (Палын) Ізноў табе я прынясу півоні – Нібыта дроў для печы прынясу. (Не бегаў за цнатліўкаю ніколі…) Я прынёс табе сягоння ружы – Многа, ледзьве абхапіў рукой. (Я прынёс табе сягоння ружы…) Просіцца бацян у вырай – Для цябе за немаўлём. (Пахне мёдам, пахне мятай…) Нярэдка незласлівай, нават гумарыстычнай помстай праскокваюць вершы пра няспраўджанае, мройнае, часам і немагчымае або віртуальнае каханне. Жыццё і не павінна быць ідэальным, калі любое жаданне асобнага чалавека збываецца: парушаецца і без таго не зусім меладычная гармонія чалавечых зносін, устоі грамадства. Але асобны чалавек можа пакутаваць і пры гэтым не турбаваць свет. Няпроста як быць каханым… Ачмураным цяжка быць. (Навошта прыйшла нечакана…) Існую цяпер цераз сілу я То ў клопатах, то ў журбе… Завадчанка ты мая мілая, Хоць жонку кідай з-за цябе! (Завадчанка) Зараслі спатканняў гоні. Там бярозка, елка, дуб… І нарэшце ўсё адно мне – Люб табе я ці не люб. (Я ў цябе спытаў аднойчы…) Выходзіш ты – і блякне лета, Зноў сэрца болем апячэ. Выходзіш ты, а я дагэтуль Імя не даў табе яшчэ… (Выходзіш ты, вагон пусцее…) Малайцу бліжэй да зорак, Чым да вуснаў любай. (Поўнач) Лірычны герой-мачо Уладзіміра Рунцэвіча дае выказаць адчайнае слова свайму двайніку-антыподу – адчайнаму і безнадзейна закаханаму, які марнуе жыццёвы час на чаканне нагоды малой імавернасці. Гадамі доўжыцца самотная гадзіна, А новы дзень прыходзіць у журбе. Вясна ці восень – мне ўсё адзіна, Бо я жыву з табой і без цябе. (З табой і без цябе) Жыццё няўмольнае. А паэтам яно парушае натуральную ўзроставую прапорцыю душэўнага імпэту і рэальных магчымасцей. І толькі розум дапамагае вярнуцца ў рэчаіснасць… – Алё, выбачайце, Скажыце, хто гэта? – За вокнамі восень, Вы ж звоніце ў лета. (Званок) Аднак Жанчына для Мужчыны заўсёды застаецца на п’едэстале. Ён не саромеецца часам укленчыць перад ёй і (няхай і з прыхаванай хітрынкай або авансавана!) спавядацца. Жанчыны гэта прымаюць, чаму б нам не карыстацца? Як у мяне хапала сіл Жыць не кахаючы дагэтуль? (Вучуся занава цаніць…) Колькі мне цябе шукаць, Колькі я чакаць павінен, Каб аднойчы ўсё ж сказаць: – Не пакінь мяне, багіня. (Ты грахі даруеш мне…) Застаецца дадаць, што кніга Уладзіміра Рунцэвіча “Эрас” накладам у 300 асобнікаў выйшла ў выдавецтве “Кнігазбор”; у якасці рэдактара неардынарнага зборніка выступіла вядомая паэтэса і абазнаная рэдактарка Галіна Каржанеўская. А дапамаглі яго выдаць прадпрыемствы, арганізацыі і дабрадзеі – землякі таленавітага аўтара. Юрась Нераток
автор - karirina.3 :: просмотров - :: комметариев - 1
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
|
Навигация
Популярное
Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?
Наши друзья
Будут)
{sape_links}
Счетчики
|