СЕМ ГАДОЎ
у вянок Скарыне

З вясёлаю злосцю трушчыў каноны,
Імчаў метэорам да новых адкрыццяў.
Гэтых сямі гадоў – па плёне –
Хапіла б на сем чалавечых жыццяў.

1 Пралог
Скрозь шыбу цьмяную ў акне,
Скрозь хамства, тупасць, падазрэнні
Скарына кнігу падае –
Бясстрашны рыцар Адраджэння.

Нязломны дух. Высокі сан.
Глядзіць на варварства з пагардай
Наш Рафаэль і Магелан.
Калумб. Капернік. Леанарда.

2 Прарок
О максімалізм! Фантастычная мара,
Што дзёрскія планы яго акрыляла!
Свабодных мастацтваў стаў бакалаўрам –
Ды гэта не тое! Ды гэтага мала!

Свабодны мастак і свабодны садоўнік
Стаў доктарам слынным у медыцыне.
Адзіны сярод славян усходніх!
Дый гэтага мала было Скарыне!

Вось мара яго! – друкаваная кніга!
Вось вынік, паліты і жарсцю, і потам!
І шлях выгінаўся на шчасце – падковай!
(А Лютар і Фёдараў – гэта ўсё потым…)

Гані летуценніка! Ён небяспечны!
Што ж, гэта ўрэшце ніяк і не дзіўна:
Было так заўжды і будзе так вечна –
Прарокаў, кажуць, няма на радзіме.

3 Станок
Мог вешаць лаціну на языкі
Ці шпарыць з амбона прамовы.
Не стаў галубком, што карміўся б з рукі,
А ерэтыком – ад мовы!

Полацкім біскупствам накіраваны,
Сарваўся з прывязі ў Празе…
Убіўся, ты бач, у станок друкавальны!
Не быць жа гэткай абразе!

Дыктуе пісцу, што не ведае стомы
«Узяць! Пакараць вінаватага!» –
Папа Клімент (здаецца, сёмы)
Да Карла (здаецца, пятага).

4 Скарб
Ідэяю асветы апантаны,
Да слова абыякавы пахвальнага,
Не аскароміўся бразготкай таннай –
Замах свой здзейсніў на недасягальнае!

Спакойны да прынад і зубаскальства,
За ласку не прымаючы верыгі,
Скарына не скарыўся цемрашальству,
Не спакусіўся на нектар інтрыгі.

На скептыкаў няскрэбаныя лапы
Ён не зважаў. Стаяў асабняком,
Адной сваёй скрыжалі падуладны:
Не скора пісцам стаць, а друкаром!

«Як зверы ямы, птушкі гнёзды знаюць,
Віры свае шукае-помніць карп,
Так людзі да радзімы ласку маюць» –
Як скальд, ён нёс жывога слова скарб.

Ён цэркві мову зробіць зразумелай
За сем гадоў – імгненны лёт гадзін.
І лекі дасць – для душаў, як для цела,
Скарына з Полацка, купецкі сын.

5 Полацк
Аб палюбоўі плакалі
Сярод парубежных звадаў…
Ці ведаў, што хутка ў Кракаве
Прылічыцца да дыпламатаў?

А яблыкі ў Полацку падалі
Як мукі і гора – коптурам…
Ці ведаў, што потым у Падуі
Стане вучоным доктарам?

Скарына ў выгнанне едзе.
Напружаны гордыя плечы.
Ці ведаў, як час апярэдзіў, –
Асколак С ярэднявечча?

6 Вобраз
Запознена сусветна прызнаны,
Пры жыцці зацкаваны,
Невуцтвам укрыжаваны,
Задоўга да смерці пахаваны
У адзіноце і нудзе.
У Празе. Невядома дзе…

7 Сад
З нажом для акуліроўкі –
Урокам мудрасці ўладзе –
Крокам спружыніста-лёгкім
Праходзіць Скарына па садзе.

Пальцы не ў пыле свінцовым –
У высакародным брудзе.
Здаволены іміджам новым:
Сад больш удзячны, чым людзі.

Мялешка Лілія (г. Клецк)
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики