|
ТАЙНА ВОД СВІЦЯЗЯНСКІХ
* Была Еўдакія cястрою салдата, I жонкай салдата, і маці салдата. Тры чорныя весткі з вайны атрымала. Адплакала, адгаласіла нямала. Дзе дзелася тая краса-прыгажосць? Жыла, як трава лугавая, Прашытая болем пякучым наскрозь, У горкіх маршчынах, змарнела – сівая. У сценах усмешка даўно не жыла – Пайшла у другія палаты, Хіба загляне дзед Мікола з сяла У змрочнасць удовінай хаты. Шмат ведаў стары непаўторных гісторый, Пабачыў нямала ваенных дарог. Пры ім адступалі самота і гора. А толькі выходзіў пастух за парог, Вуглы абжывала тупая бяда. Яна наплывала на долю жанчыны Балюча, глыбока, трывожна, нястрымна Бяздоннем глухім, як сляпая вада. Дык можа таму па пустых берагах Хадзіла яна, нібы штосьці шукала? Суседкі з трывогай праводзілі ў шлях, Каб рукі яна на сябе не наклала. Ды ўсё паступова становіцца звыклым. Адсталі нарэшце – Напэўна, прывыклі. * Аднойчы Еўдакія, як заўсёды, Мінуўшы па барознах агароды, Ішла па беразе у вошчапе нуды. Убачыла, як ручаінай вузкай Прыгожая блакітненькая стужка На бераг працягнулася з вады. – Няйначай, тут бялізну паласкалі. Яе й згубілі у набеглай хвалі, I пацягнула стужку на сябе. Той доўгі гук над возерам раздаўся, Нібыта хтосьці лёгка датыкаўся Далонямі да звона ў журбе. А стужка пералівамі пад поўняй, Дарожкаю бліскучаю і роўнай Усё плялася і цягнулася з вады. Вось і клубочак у руках навіўся, Туман па-над вадою растварыўся, I усё гучней, разлівісцей званы. * Што за велічны цуд? Любы Божа, скажы! Над вадой купалы́! Залатыя крыжы! Вось званіца ўстае, I царква, як гара. Пад званамі снуе Тонкі стан званара. Так халодзіцца кроў, – Галасы… Галасы… – Што вароны з дубоў Пазляталі ў лясы. Бразнуў звонавы гук. Адступіла на крок, I з разгубленых рук Упусціла клубок. I прапаў ён з травы, Знікла ўсё, нібы зман, Ні крыжоў, ні царквы – Зноўку белы туман. А над возерам – ціш. Месяц, як дабрадзей. Як абрэзала звыш Галасы тых людзей. Усё знікла з вачэй. Цішыня – крык бяды, I страшней, і званчэй, Чым той гоман з вады. I не ўцяміць ніяк, Як змагла, як дайшла Цераз панскі фальварак Да хацінак сяла. * Да каго ёй ісці, хто паверыць бы мог? Заляцела, як цень, на Міколаў парог. I, збіваючыся, расказала ў слязах Пра крыжы і царкву, перажыты ёй жах. – Еўдакіечка, нешта такое я чуў. Мне мой прадзед казаў – чарадзей і вяшчун: Гэтым месцам даўно, не прыпомніць калі, Слаўны горад стаяў, а не хвалі гулі. Там сумленных купцоў не вінілі ў грахах. У рамеснікаў праца гарэла ў руках. Хтосьці хлеб гадаваў на ўрадлівай зямлі. I магутныя воі, вядома, былі. Правіў горадам тым малады мудры князь. Ён сваімі рукамі сумеў яго ўзняць, Сваім іменем – Свіцязь ён горад назваў. Вось і жыў гарадок і дзяцей гадаваў. Дамагацца ўсяго, каб не йсці на паклон, Гэта крэда было і асноўны закон. Радавод з тых карэнняў магутных ідзе. Беларус, нібы дуб, у любой злыбядзе. Быў шчаслівы народ і не ведаў бяды: Справядлівы закон правіў балем заўжды. I шчаслівым быў князь, і не ведаў нягод, Бо яго паважаў працавіты народ. * Але раптам прыйшла з мора чорная ноч. Цёмнай хмарай плыла незлічоная моц. Ад заходніх зямель наплываў гэты жах, А іх шлях на бяду цераз Свіцязь ляжаў. З галавы і да ног закаваны ў брані, Металічны аклад і на кожным кані. Толькі злоба была у шалёных вачах. I з крыжамі плашчы на магутных плячах. Загудзеў, нібы гром, свіцязянскі набат. Галасілі жанкі. Кінуў сошку арат. Зазвінелі мячы. Хтосьці ладзіў свой лук. Хтосьці дзіду кляпаў і прымерваў да рук. Горад ім не ўтрымаць. Ой! Няроўны той бой! Хоць да смерці стаяць будуць бондар і вой. Ведаў гэта і князь, і дружына сама, А без бою аддаць – горшай ганьбы няма. Жорсткай сеча была. Невялічкая раць Застаўляла чужых гонар свой паважаць. Зведаў вораг усё – і касу, і тапор, Сваёй кроўю паліў свіцязянскі прастор. Ды няроўны падзел – груганам баляваць! Прыпадняўся ад цел скрозь пасечаны князь. Глянуў на купалы, азірнуўся кругом: – Божа, не дапусці ганьбы града майго! Разлілася вада на чатыры бакі. Захлыналіся ў ёй коні і крыжакі. А калі першы жах пакрысе адышоў, Не было больш ні сцен, ні званіц, ні крыжоў. * Вось такая бяда праз стагоддзі брыдзе. Кажуць, ноччу Хрыстос ходзіць тут па вадзе. А анёлкі яго адзін раз толькі ў век Могуць покрыва зняць для цябе, чалавек. I таму, хто прайшоў праз ліхую сцярню, I пры тым захаваў шчырасць і дабрыню, Хто спагаду пранёс на нялёгкім вяку, Стужка з вод свіцязянскіх трапляе ў руку. Як зматае ў клубок хтосьці воды і гразь, То і ўстане жывым непаранены князь. Горад зноў ажыве, людзі, што ў ім жылі, I спагадлівы лёс шматпакутнай зямлі. Ды ніхто не зматаў той клубочак за раз, Бо для шчасця яшчэ не прыйшоў, пэўна, час. * Еўдакія з тых слоў свой забылася страх. I хадзіла ўсю ноч па пустых берагах. Не баялася больш ні крыжоў, ні бяды, А шукала паўзбоч тую стужку з вады. А змарыўшыся, моўчкі пайшла да сяла, Бо глухая вада і нямая была. На стагоддзе ізноў пахавала ад воч Тайны ўсе ў глыбіню, нібы ў чорную ноч. Хіхіч Валерый, г. Маладзечна
автор - karirina.3 :: просмотров - :: комметариев - 0
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
|
Навигация
Популярное
Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?
Наши друзья
Будут)
{sape_links}
Счетчики
|