БАЛАДА ЯКШЫЦ
Жыў калісьці адважны татарскі ваяр,
Ён вакол сябе ліха не сеяў.
Паважаў яго нават сам хан-валадар,
Той юнак называўся Хусейнам.

Быў ён з беднай сям’і, мусіў здзекі цярпець,
Ды пад меч падстаўляў свае плечы.
У паходах сваіх марыў разбагацець,
Каб пазбавіць сям’ю ад галечы.

У сумленнасці жыў, верна хану служыў
На зямлі, крывёю палітай,
За бацькоў сваіх ён Алаха маліў
І дзясятнікам стаў знакамітым.

Свой дзясятак любіў і выхоўваў яго,
Справядлівасць між іх панавала,
І цанілі яны камандзіра свайго,
І ў набегах ім шанцавала.

Ён вучыў іх без гвалту і без прывілей,
Каб бяздумна не забівалі,
Каб з палону не здзекваліся, у людзей
Каб апошняе не адбіралі.

Неяк ранкам пачулі воі загад:
Ханскім коням прывезці сена.
Паскакаў у набег ардынцаў атрад,
У ім быў і дзясятак Хусейна.

З неба сонца сышло, адзвінеў зарапад…
Да паселішча даскакалі…
Усіх сялян – у палон. І Хусейна атрад
Вартаваў іх, каб не паўцякалі.

Выграбалі ардынцы з сялянскіх сцен,
Рабавалі – усё падчыстую…
Ну, а некалькі гадаў… Заўважыў Хусейн,
Што задумалі справу благую.

За дзяўчынаю мчалі яны, як гайня,
Па сваім нялюдскім звычаі.
Азірнуўся Хусейн – і аж стры́маў каня,
І душа аж зайшлася ў адчаі.

Ізнутры штурхануў яго страсці павеў,
Іскра ўспыхнула ў сэрцы юначым:
Колькі жыў, дзе ні быў, што ні зведаў ці меў –
Прыгажосці такой ён не бачыў.

І ён выхапіў шаблю пад цяжкі ўздых,
Апантаны шайтанам ці бесам,
Ён змагаўся, як леў, і забіў ён траіх,
А дзяўчына пабегла да лесу.

Тут ачомаўся ён. Дзе спагады шукаць?
А з грудзей аж выскоквала сэрца.
Што рабіць? Яму літасці – марна чакаць:
Ён забіў сваіх! Аднаверцаў…

І сказаў ён дзясятку: «Пайду да Арды,
Паклянуся Алахавым імем».
І яму адказалі яго ваяры:
«Мы, дзясятнік, цябе не пакінем».

Павялі сваіх коней яны ў паваду
Ад тых хат, і хлявоў, і падстрэшшаў
І пад вечар чацвёрты прыйшлі ў Арду,
Дзе сам хан баляваў святлейшы.

А навокал лясы, паляны, палі…
«Ай, якшы!» – ваяры сказалі.
І ўсю праўду хану распавялі,
І ні слоўца не прыхавалі.

І лічылі татары свае барышы,
І аплаквалі долю ліхую…
І сказаў тады хан Хусейну: «Якшы!
Гэта месца табе я дарую!»

А другі варыянт канчаецца так:
Ні пад карай, ні пад прымусам
Не адважыўся йсці ў Арду бядак
І пайшоў у стан беларусаў.

А ў тым стане – тая дзяўчына была,
Што ён збавіў ад гвалту й палону,
І пра ўсё шчыра князю распавяла,
А яму – стала жонкай законнай.

Захавала тым самым жыццё ваяру,
Разлічылася з ім поўнай мерай.
І Хусейн служыў новаму гаспадару
Сваёй шабляй, і праўдай, і верай.

І святлела Карана арабская вязь,
І ляцелі гады чарадою.
А пасля ўзнагародзіў Хусейна князь
Ладным месцам пад вёскай Ардою.

Што тут праўда, што не? Зараз цяжка сказаць,
На якія спаслацца крыніцы.
А сівыя курга́ны самотна маўчаць
І хаваюць свае таямніцы.

Тут няма ўжо бяроз, зніклі сосны ў бары,
І татары тут не пражываюць.
Ды з тых самых часоў і да гэтай пары
Вёску «Якшыцы» называюць.

Мялешка Лілія, г. Клецк
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики