СУЧАСНАЯ БАБУЛЯ
— Мне інтэрнэт і тэлевізар усё жыццё перавярнулі, —
Сказала неяк пры размове малазнаёмая бабуля.
Душою я не састарэла, вядома, порах быў і ёсць,
Пасля апошняга прагляду так ахапіла мяне злосць:
Жыву з карчом, ніяк іначай няма фантазіі назваць,
Бо ў галаве адно казыча: паесці смачна і паспаць.
А там гляджу, ратуйце людзі, неверагоднае жыццё!
Мазгі праз вушы выпаўзаюць — ну вось такое пачуццё.
Незалежна ад узросту ды без спадніц і пры святле
Перад сваімі ці чужымі танцуюць проста на стале.
Мужчыны іх «ядуць вачыма», за ногі голыя скубуць,
Аблізваюцца ад спакусы, ім у панчохі грошы пхнуць.
Куды ні ткнеш — адно каханне. Ды не мужчыны — рысакі!
Дзяўчаты з доўгімі нагамі на іх рыхтуюць паплаўкі.
Во антураж, во падрыхтоўка, ну да чаго ж умеюць браць…
Мне так хацелася, даруйце, патрэбным словам іх назваць.
Каналаў пяць пераключыла, усё ўскалыхнулася знутры,
І пачала таўчы ў плечы:
— Ды падымайся ты, стары!
Прыўзняўся дзед, аднак не цяміць:
— Каго, куды, адкуль, за чым?
Паколькі ты мая маёмасць, на гэта маю пяць прычын:
Па-першае, напэўна, хопіць, як Барсіку, заўсёды спаць,
Другое, пагалі валоссі, што з носу і вушэй тырчаць.
І дзе храпець так навучыўся, што аж варушыцца зямля?
Чаму нястрыжаны, кудлаты? — Спытаю гэта я пасля.
Ну, і галоўнае на сёння, адразу мусіш адказаць:
Калі свой шлюбны абавязак збіраешся спаўна аддаць?
Дзед апрытомнеў і падумаў, што ў бабы дрэнна з галавой,
А тая шпарка ўжо круціць пад носам голаю нагой.
Кашулю хуценька садрала, шпурнула проста на парог,
Панчохі з гумкамі ўсцягнула:
— Ну, варушыся, каб ты здох!
І што тут раптам пачалося — адпачывае Галівуд:
Пачаў дзед жаласна прасіцца, крычаў: яму будзе капут!
Усё навокал разламалі — вось нарабілі сабе спраў!
Брахаць сабакі перасталі, гадзіннік нават колам стаў.
За ўсё, што можна, дзед чапляўся, выпручваўся, нібы чарвяк,
І гэтак знізу вышкрабаўся, што разарваў ушчэнт цюфяк.
Як гаркнула яму на вуха:
— А ты куды? Ану ляжаць!
Ці мо дамовішся з суседам, каб за цябе даўгі аддаць?
Дзед, як збянтэжаны той Саўка, аж уляпіўся ў сцяну,
Збялеў, дрыжыць, язык адняўся — ну хоць адразу ў труну.
— Ну што, саколік, напужаўся? А зараз слухай мой устаў:
Усё гэта будзе паўсядзённа, ты ж столькі год адпачываў!
Але праз момант падміргнула:
— Ну, пэўна, хопіць табе ныць,
Усё закончылася, бачыш. Галоўнае, застаўся жыць!
Дзед не пакрыўдзіўся, а толькі бабулі пасміхнуўся ў вус
І кажа:
— Не звяртай увагі на гэткі дробязны канфуз.
Ды такою вось вар’яткай ты з маладосці не была…
Яму ж, вядома, не сказала, дзе школу гэткую прайшла.
Але назаўтра — проста дзіва — дзед маладзейшым нейкім стаў:
Ён падцягнуўся, пагаліўся і ўсё за бабкай цікаваў.

Мароз Галіна, г. Лагойск
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики