ХТО ВІНАВАТЫ АБО ШТО РАБІЦЬ
Байка

У хату дзед заходзіць хмуры:
– Што за халера, не нясуцца куры!
– Ой, не кажы, Алесь, нуда.
Ну проста гора, ну жуда-бяда.
Кармлю ж і крупамі, і бульбай з крапівою,
І чыстаю паю вадою.
Дзяўбуць траву і ў сліўняку грабуцца –
А не нясуцца…
Нясліся ж слаўна так, і на табе – капец! –
Няма яец!

– Дык пашукай дзе па кутках!
– Шукала! – і ў парэчкавых кустах,
Глядзела нават у каровы,
І там, дзе торф, і там, дзе дровы,
І за сячкарняю, і пад варштатам –
Няма там!
Ай, доля ж ты мая бядача! –
Бабуля горка плача, –
Падумаць – лета ж, не зіма…
Яец няма!..

– Ну сціхні, Гэля, ўжо, – дзед кажа памяркоўна. –
Я да пытання падыду грунтоўна.
Як нашай курыцы не есца і не п’ецца,
І як яна, дурная, не нясецца,
Не лета ёй не міла, не вясна,
То ёй – хана!
Карміць дарма?! Лепш возьмем кураводку.
А сабатажніц – на калодку!
Каб ты з-за гэткай пакасці раўла?
Дзед грымнуў кулаком і вылез з-за стала.

І тут у хату ўбегла я:
– Бабулечка мая!
Не вінаваты куры! (аж дрыжу) –
Хадзем! Што пакажу…
І вось з бабуляй мы (ёй сорак пяць, мне пяць)
Цішком крадземся – справядлівасці шукаць.
Пры веснічках пад жолабам сядзім,
Ды скрозь шыпшыну, млеючы, глядзім,
Як з курніка мой Рыжык, любы зайка,
Выкочваў яйка…

Ды мордачкаю пхаў яго туды,
Дзе ўжо чакаў Руды –
Суровы пёс і дужы – дзедаў друг.
Яго далёка не пускаў ланцуг,
Але сабакі, шчырай дружбе рады,
Размеркавалі сферы ўлады.
Кансэнсус яны мелі:
Адзін ласунак падганяў,
Другі, ледзь морду адарваўшы ад пасцелі,
Магутнай лапай разбіваў –
І разам елі.

Дзядуля доўга рагатаў,
Рудога хітрай шэльмай называў,
Бабулю – опер-дыпламатам,
Мяне – курыным адвакатам,
Малога Рыжыка – каталам, хоць няўдалым,
Сябе ж лічыў, напэўна, генералам,
І ўмомант – без увагі да амбіцый,
Без грантаў, бонусаў і інвестыцый –
У той жа вечар, верны слову,
Рудому дзед зрабіў перабудову.
І будку пераставіў – як ямчэй –
Далёка ад курэй.

І стала ціха. І для слёз няма прычын,
І куры – ні пры чым!


Мялешка Лілія, г. Клецк
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики