КАЗКА-БЫЛІЧКА ПРА ЧАРВЯКА
Дождж асенні, вецер, слота,
Дзе ні глянь – адно балота.
Гэткім днём, зусім нядужы,
Поўз Чарвяк ля бруднай лужы.
Гараваў і ныў бядак:
– Як жа мне тут жыць, ну як?
Хутка ляжа снег на дол,
Бела стане навакол.
А мароз зямлю скуе –
Змерзнуць сцежкі ўсе мае.
Дзе ж тады знайсці спажыву,
Каб застацца ўзімку жыву?
Ды яшчэ ў хады-кватэры
Скразнякі падзьмуць без меры…
Што ж рабіць, паўзці куды?
Ці ляжаць, чакаць бяды?
А ў адказ – маўчанне-ціша,
Толькі вецер злосна свішча…
Зноў Чарвяк пачаў ныццё:
– Гэта здзек, а не жыццё!
Хто ж паможа, пашкадуе?
Хто ж гаротнага ўратуе?
Цісне сэрца жаль-нуда…
Так сябе яму шкада,
Што свет белы стаў не мілым,
Стаў ён шэрым ды панылым –
Хоць кладзіся-памірай,
Богу тут душу аддай…
Толькі што гэта? Ратунак?
Між дажджу халодных струнаў
Прагучала з паднябесся
Журавоў вандроўных песня.
Падужэў ураз Чарвяк,
Клікаць птушак стаў ён так:
– Пачакайце, не ляціце,
Вы мяне з сабой вазьміце
У далёкі цёплы край,
Дзе жыццё – бясконцы рай:
Сонца там лагодней свеціць,
Вецер там пяшчотней песціць,
І пяскі там залатыя –
Я хачу ў краіны тыя!
Птушкі просьбу-плач пачулі,
Селі, крылы страсянулі:
– У цябе, як бачым, гора?
Возьмем мы цябе за мора, –
Вырашыў так гурт птушыны.
– Важаку залазь на спіну…
Птушкі крылы распласталі,
Паплылі ў прасторы-далі.
Шчасцем поўніцца Чарвяк,
Не нацешыцца ніяк:
– О, якая прыгажосць!
А ці ў нас такое ёсць?
Тут – пясчаныя барханы,
Тут – вярблюдаў караваны.
Тут і пальмы-міражы… –
Райскі кут, што ні кажы!
Вы сабе далей ляціце,
А мяне вось тут пакіньце…
Споўз на дол – ад захаплення
Спруцянеў аж на імгненне,
А пасля стаў вывівацца:
– Буду ў золаце купацца!
А гарачыя пяскі
Адагрэюць мне бакі…
І пайшло жыццё як свята –
Часу вольнага багата:
Ні турбот пра халады
Альбо дзе знайсці яды.
Дзень пры дні пад сонцам млее,
Ды тлусцее, ды таўсцее.
Толькі… Радасці няма,
Што пакінуў край дарма.
Стала страшна, што загіне
Ён у «казачнай» краіне.
Бо ўжо з месца не скранецца,
А ляжыць, не зварухнецца.
І не ў радасць больш пяскі,
Бо ад іх баляць бакі.
А самум калі накрые –
Цэлы тыдзень скура ные.
Сонца ж гляне залатое –
Хоць ты плач ад «ласкі» тое!
Захацеў Чарвяк дадому…
Ды сказаць няма нікому,
Як жа цяжанька яму
Між пустыні аднаму.
Толькі што гэта? Ратунак?
Паміж сонца промняў-струнаў
Прагучала з паднябесся
Журавоў вандроўных песня.
– Пачакайце, не ляціце,
Вы мяне з сабой вазьміце
У далёкі родны край,
Дзе зімой і летам – рай…
Птушкі крылы распласталі,
Паплылі ў прасторы-далі.
А дакорам з паднябесся
Чарвяку была іх песня:
– Мы землі чужыя ізноў пакідаем,
Да роднай буслянкі вясной прылятаем,
Каб роднаму краю прызнацца найперш:
Добра за морам, а дома – найлепш.
З гора плакаць стаў Чарвяк,
А не плачацца ніяк:
Сонца слёзы прасушыла,
Голас крыўдаю здушыла,
Што не трэба ён нікому,
Што не трапіць ён дадому…
Год прайшоў – і новы вырай
Распластаў у небе крылы.

Кажура Віктар, г. Вілейка
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики