У ПОШУКАХ ПЯШЧОТЫ
Я НА…(трыпціх трохасабовы)

I Яны

Калі яна прачынаецца ў ложку з любым,
устае і глядзіць на сонца – яно заплюшчвае вочы.
-З кім ты, мілы, цягаўся заўчора паўночы? –
яна, як ніхто, ўмее ставіць пытанне рубам.

-Ты што, мне не верыш?!
–Ды дзеўкі гурмою
за табою ўпадаюць – дай табе толькі волю!
Ён хапаецца за галаву, лаецца, як ніколі
не лаяўся, смачна плюецца ў столь і
з усмешкаю кажа:
-Заўчора я здраджваў табе з табою…

II Яна

яна ў вёсцы сваёй першая прыгажуня,
яе рукам пазайздросціла б нават Джуна,
яе дом атачаюць прылуцкія джунглі
і чыгунка струною пяе;

вывучаеш упарта расклад электрычак
развітанне – прыемная ўсё ж акалічнасць,
калі заўтра спатканне за шчасце палічыш –
ты не можаш ужо без яе.

выглядаеш, магчыма, крыху апантаным,
выдзіраючы з клумбаў усе туліпаны;
што ж датычыцца псіхічнага стану –
вар’яцееш і ў краме вітрыны б’еш.

з ёю побач жыве дух раўнівіцы Геры,
яе атакуюць першыя кавалеры,
табе меней даводзіцца крэмзаць паперы,
а яшчэ ты не верыш, не верыш, не верыш,
што прачнешся калісь без яе

III Я

…я хотел бы, чтоб меня нашли
оставшимся навек в твоих объятьях,
засыпанного новою золой.
Іосіф Бродскі

па вясне пачынаюць усе пакрысе вар’яцець,
і смерць ужо не ўспрымаецца
менавіта як смерць,
асабліва калі жлукціш пятую пляшку за вечар,
бо каштуе танней, чым пачак звычайнай паперы;
што тут скажаш яшчэ ,ну, па крайняй меры, –
-auf Wiedersehen, мая шматпакутная печань.
і калі б не ты, маё шчасце,
я б, напэўна загінуў,
менавіта! радасць мая, я мушу сказаць табе –
ты кахаешся, як багіня!
заканчэнне святла і тым больш канец свету
не палохае – цемру глытаем, як дым цыгарэтны,
а выгнаннік Іосіф дакладна меў рацыю –
хай у прорву ляціць і бурыцца цывілізацыя –
і ўжо неістотна, што паміж намі –
далёкасць ці блізкасць –
я б застацца хацеў у абдоймах тваіх,
засыпаны новым прыскам

Алесь Емельянаў (Мінскі раён)
автор - emil janau  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики