ПАДМАНУТЫЯ СПАДЗЯВАННІ
Каханне мілым матыльком
На крылцах лёгенькіх, стракатых
Не прадчувала хуткай страты –
Лунала ціхім хараством.

Той недасяжны матылёк
Таемна, горача жаданы
З’явіўся так неспадзявана,
Ляцеў ён доўга і здалёк.

У кветніку каля акна
Цвіла ў нямым чаканні кветка,
Аблашчаная сонцам зрэдку,
Раскрылася пакуль адна.

Затрапятала ўсё нутро –
Вось-вось жаданая сустрэча!
Спрыяў, здавалася, ёй вечар,
На захад сонейка плыло…

Але ў адчыненым акне
Свяча дрыготка дагарала
І так прынадна зазывала:
– Ляці, мой мілы, да мяне!

Святлом падманным, трапяткім
Быў матылёк зачараваны
І да агню, як апантаны,
Памкнуў – і крылцы апаліў…

Адно імгненне – і няма
Ні матылька і ні кахання,
Ні радаснага спадзявання.
Прапалі мары ўсе дарма…

Калі салодкая хлусня
Святлом ружовым асляпляе,
Падманутага не кранае
Пачуццяў моцных чысціня.

Бярэзіна Тамара, г. Маладзечна
автор - karirina.3  ::   просмотров -   ::   комметариев - 0
Уважаемый посетитель, Вы зашли на сайт как незарегистрированный пользователь.
Мы рекомендуем Вам зарегистрироваться либо войти на сайт под своим именем.
Информация
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.

Голосование:
Какие стихи Вам больше нравятся?


Показать все опросы

Наши друзья
Счетчики